У Менску адбылася вечарына памяці Алеся Ліпая


У менскім Прэс-клубе адбылася вечарына памяці Алеся Ліпая – журналіста, паэта, заснавальніка і кіраўніка адзінага незалежнага агенцтва ў Беларусі БелаПАН. Ён памёр 23 жніўня 2018 года ва ўзросце 52 гадоў.

Сябры і калегі Алеся сабраліся сёння, каб ушанаваць ягоную памяць.

Хвіліна маўчання на вечарыне памяці Алеся Ліпая. Фота – belsat.eu

Галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына адзначыла, што Алесь Ліпай быў не толькі таленавітым чалавекам, але і вялікім патрыётам.

«Ён мог бы ўладкаваць сваё жыццё за мяжою, больш камфортна, але яму было важна жыць і працаваць тут, рабіць сваю справу тут», – адзначыла яна.

Ірына Леўшына. Фота – belsat.eu

«Яго вельмі турбаваў лёс Беларусі. За Беларусь у яго балелі і душа і цела», – кажа старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.

Прадстаўнік БАЖ Міхась Янчук адзначыў, што справа Ліпая працягваецца ў сённяшняй праце агенцтва БелаПАН.

Міхась Янчук. Фота – belsat.eu

«Варта працягнуць ягоную справу, варта не здрадзіць сваім прынцыпам. Жыве БелаПАН!» – заявіў палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Аляксей Дзікавіцкі. Фота – belsat.eu

«Мяне заўсёды здзіўляла, як ён умеў зарганізоўваць людзей і працу. І рабіў гэта па-майстэрску», – адзначыў намеснік дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі.

Сабіна Брыло. Фота – belsat.eu

«Гэта быў сапраўдны чалавек, у якога ўсё атрымоўвалася правільна, за што б ён ні ўзяўся: ці то праца, ці то сямь’я і дзеці», – адзначыла паэтка Сабіна Брыло.

Падчас вечарыны памяці было абвешчана, што завершаны збор сродкаў на помнік Алесю Ліпаю. Помнік усталююць на ягонай магіле ў мястэчку Рудзенск, што за 40 км ад Менску. Тут пахаваныя таксама маці і сястра Ліпая.

Вечарына памяці Алеся Ліпая. Фота – belsat.eu

***

Алесь Ліпай – заснавальнік і кіраўнік БелаПАН, адзінага незалежнага агенцтва ў Беларусі – памёр 23 жніўня 2019 года ва ўзросце 52 гадоў.

Алесь Ліпай нарадзіўся ў 1966 годзе ў в. Андросаўшчына Копыльскага раёну. У 1988 годзе, падчас вучобы на факультэце журналістыкі БДУ, пераследаваўся за ўдзел у вырабе самвыдатаўскай насценгазеты «Лірнік». Напрыканцы 1980-х гадоў – удзельнік Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя». У 1988 стаў першым карэспандэнтам «Радыё Свабода» ў Беларусі.

Працаваў карэспандэнтам, а потым рэдактарам аддзелу навінаў у газеце «Знамя юности». У кастрычніку 1991 стварыў незалежнае інфармацыйнае агенцтва БелаПАН, якое з цягам часу перарасло ў інфармацыйную кампанію.

Сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру. Першую кнігу паэзіі «Пад снегам» выдаў у 2000 годзе. У 2007 г. выйшаў зборнік паэзіі «Рэшта».

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў