У Менску ад каронавіруса памёр 38-гадовы фельчар хуткай дапамогі


У Менску памёр 38-гадовы фельчар 6-й падстанцыі хуткай дапамогі Аляксей П. У яго быў выяўлены каронавірус.

Інфармацыю пра смерць фельчара belsat.eu пацвердзілі ягоныя калегі з гарадской станцыі хуткай дапамогі. У Аляксея была пнеўманія і каронавірус.

Калегі кажуць, што Аляксей быў адказным працаўніком і добрым сем’янінам. У яго засталіся жонка і двое дзяцей.

6-я падстанцыя хуткай дапамогі. Фота – belsat.eu
6-я падстанцыя хуткай дапамогі. Фота – belsat.eu

Кіраўніцтва 6-й падстанцыі ад каментароў адмовіліся, накіраваўшы карэспандэнта belsat.eu да выконваючага абавязкі галоўнага лекара Алега Варабʼя. Алег Варабей гутарыць з журналістамі адмовіўся таксама.

Гарадская станцыя хуткай дапамогі. Фота –
Фота: Арцём Лява, belsat.eu

Раней у Міністэрстве аховы здароўя пацвярджалі факт масавага заражэння каронавірусам працаўнікоў хуткай дапамогі. 17 красавіка міністр Уладзімір Каранік заявіў, што ў Менску ў 90 працаўнікоў хуткай дапамогі выяўлены каронавірус. Большасць з іх – адміністратыўны персанал.

Абноўлена
Ад пнеўманіі з пацверджаным COVID-19 памерла медсястра Менскага скурвендыспансеру
2020.04.28 12:23

Міністэрства аховы здароўя афіцыйна не называла колькасць памерлых ад каронавіруса медыкаў. Аднак у СМІ зʼяўлялася інфармацыя мінімум пра сем такіх выпадкаў. У Віцебску 3 красавіка памерла 47-гадовая медсястра Святлана К., 16 красавіка – 41-гадовая медсястра абласной клінічнай лякарні Надзея Ф. У Барысаве 8 красавіка сышоў з жыцця 50-гадовы фельчар «хуткай дапамогі» Васіль Л., у Менску 20 красавіка – медсястра Наталля Ш., у Буда-Кашалёве 21 красавіка – лекарка «хуткай дапамогі» Галіна Н. Медыі таксама паведамлялі пра смерць 57-гадовай працаўніцы Бешанковічскай санітарна-эпідэміялагічнай службы Наталлі Л. 25 красавіка ў Менску памерла Ганна С, якая працавала медсястрой у Гарадскім клінічнага скурна-венералагічным дыспансеры.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў