У Менску 66-гадовай жанчыне далі 14 содняў. Яна перахварэла на рак, а цяпер мае глаўкому


Суд Цэнтральнага раёну Менску арыштаваў на 14 содняў 66-гадовую Зою Кароткіну, піша «Onliner». Яе вінавацілі ў парушэнні артыкулу 23.34 Адміністратыўнага кодэксу. Пры гэтым хваробы пенсіянеркі не ўлічылі.

Жанчыну затрымалі ў суботу, 23 студзеня, калі ў сталіцы адбываліся акцыі салідарнасці. Яна прызнала сябе вінаватай у тым, што «не ведала, што парушае нейкія законы». Спадарыня распавядае, што ішла ў краму і спынілася паглядзець на маніфестацыю, аднак не ўдзельнічала ў ёй.

Паводле пратакольных сведчанняў Зоі Кароткінай, яна паказала знак «віктары» аўтамабілям, што рухаліся па праспекце Незалежнасці. Аднак пенсіянерка сцвярджае, што гэта не ейныя словы. Міліцыянт-сведка выступаў у масцы. Ён распавёў, што разам з амапаўцамі затрымаў дваіх чалавек, якія парушалі грамадскі парадак. Пры гэтым прозвішча, імя і імя па бацьку абвінавачанай ён назваў няправільна.

Спадарыня Зоя згадала, што хварэла на рак – цяпер у яе рэмісія, адчувае яна сябе блага. Аднак гэта не паўплывала на рашэнне суддзі Карсюк.

Муж спадарыні Зоі Анатоль распавядае, што ягоная жонка сапраўды хварэла на рак, перанесла некалькі хіміятэрапіяў, а цяпер мае «букет хваробаў», у тым ліку глаўкому і праблемы з ціскам. Яму дазволілі передаць жонцы лекі, але прыняць ваду і ежу адмовіліся.

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў