У Менску 17 лютага адбудзецца мітынг у падтрымку легалайзу


Ініцыятыва Legalize Belarus плануе правесці мітынг у падтрымку адмены крымінальнага пакарання за захоўванне лёгкіх наркотыкаў у малых памерах. Акцыя пройдзе 17 лютага ля ўваходу ў Цэнтральны ўніверсам (Менск, пр. Незалежнасці, 23). Пачатак а 13-й.

Як патлумачыў belsat.eu актывіст ініцыятывы Пятро Маркелаў, акцыя пройдзе ў межах агітацыйнага мітынгу перадвыбарчай кампаніі кандыдата ў дэпутаты Менгарсавету Мікіты Краснакуцкага, хаця легалайз і не з’яўляецца часткай яго перадвыбарчай праграмы.

«Мікіта Краснакуцкі пагадзіўся дапамагчы нам правесці гэтае мерапрыемства і зрабіў мяне даверанай асобай., – кажа Маркелаў, – Там заяўляльны прынцып, мы падалі апавяшчэнне ў Менгарвыканкам. Учора па аналагічным апавяшчэнні праводзілі на тым жа месцы пікет-фотазону #БНР100».

Гэта будзе не першая акцыя па тэме легалайзу. Летась 25 снежня маладзёны з ініцыятывы Legalize Belarus правялі «канапляную каляду» – парад за лібералізацыі заканадаўства ў сферы абарачэння наркотыкаў. Удзельнікаў той акцыі потым пакаралі штрафамі.

ІІ, belsat.eu

 

Стужка навінаў