Ад пнеўманіі з пацверджаным COVID-19 памерла медсястра Менскага скурвендыспансеру


Магіла ў Стоўбцах, дзе пахаваная Ганна С., медсястра Менскага гарадскога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансеру.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Ганна С. працавала медсястрой у дэрматавенералагічным аддзяленні № 5 Гарадскога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансеру Менску.

Пра смерць медсястры belsat.eu паведамілі чытачы. У 5-м аддзяленні пацвердзілі, што жанчына памерла ад пнеўманіі 25 красавіка і мела каронавірус:

«У нашым аддзяленні ўсе ляжаць з COVID-19. Пакуль што ўсе спакойныя. Медработнікаў хапае. Ёсць хворыя, але пакуль што гэта першы такі выпадак».

Ганна С. была прафесіяналам сваёй справы, добрым і чулым чалавекам, гаворыцца ў некралогу ад імя працаўнікоў Гарадскога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансеру.

Развітанне з Ганнай С. адбылося на могілках у Стоўбцах 28 красавіка 2020 г. Фота Ірына Арахоўская / «Белсат»
  • Міністэрства аховы здароўя афіцыйна не называла колькасць памерлых ад каронавіруса медыкаў. Аднак у СМІ зʼяўлялася інфармацыя мінімум пра шэсць такіх выпадкаў. У Віцебску 3 красавіка памерла 47-гадовая медсястра Святлана К., 16 красавіка 41-гадовая медсястра абласной клінічнай лякарні Надзея Ф. У Барысаве 8 красавіка сышоў з жыцця 50-гадовы фельчар «хуткай дапамогі» Васіль Л., у Менску 20 красавіка – медсястра Наталля Ш., у Буда-Кашалёве 21 красавіка – лекарка «хуткай дапамогі» Галіна Н. Медыі таксама паведамлялі пра смерць 57-гадовай працаўніцы Бешанковічскай санітарна-эпідэміялагічнай службы Наталлі Л.
  • Па стане на 28 красавіка ў Беларусі зарэгістравана 12 208 выпадкаў каронавіруснай інфекцыі, што складае 7,5 % ад колькасці тэстаў. Міністэрства аховы здароўя афіцыйна пацвердзіла 79 смерцяў пацыентаў з COVID-19.

ДЗ belsat.eu

Стужка навінаў