У Менскім раёне браканьеры застрэлілі трох аленяў


Трое мужчынаў у Менскім раёне забілі двух цяжарных самак аленя і аднаго самца.

Стрэлы ў полі пачулі мясцовыя жыхары і паведамілі пра гэта егеру і дзяржінспектару. Там жа былі заўважаныя трое мужчынаў, аднак у цемры ў іх атрымалася ўцячы. Пры абследаванні месца незаконнага палявання інспектары Менскай вобласці знайшлі на полі тушы трох аленяў, дзве з іх браканьеры паспелі разрэзаць.

Фота: gosinspekciya.gov.by

На дарозе недалёка ад месца здарэння стаяў аўтамабіль «Форд», на яго заднім сядзенні былі бачныя рассыпаныя стрэляныя гільзы. Дзяржінспектары высветлілі, што кіроўца гэтага аўтамабілю ўжо двойчы прыцягваўся за парушэнні правілаў палявання і быў пазбаўлены правоў на паляванне. Цяпер мужчыну падазраюць у браканьерстве з прычыненнем шкоды ў асабліва буйным памеры – амаль 37 тысяч рублёў.

Фота: gosinspekciya.gov.by

Таксама ў салоне аўтамабілю знайшлі 13 стрэляных гільзаў і 6 патронаў да наразной зброі, у багажніку знаходзіліся пустыя пластыкавыя скрыні, следчыя мяркуюць, што яны маглі прызначацца для перавозкі мяса. Цяпер аўтамабіль канфіскаваны, з ім працуюць эксперты, а падазраваны змешчаны ў ізалятар.

ГА, belsat.eu паводле gosinspekciya.gov.by. Фота: REUTERS / Toby Melville / FORUM

Стужка навінаў