У менскім ГЦ «Арэна-сіці» аўтамабіль пратараніў сцяну і ўпаў на эскалатар


Пра выездзе з паркінгу гандлёвага цэнтру «Арэна-сіці» аўтамабіль Renault Safrane сутыкнуўся з цаглянай сцяной і перакуліўся на эскалатар. У выніку здарэння ніхто не пацярпеў.

Паводле тэлеграм-каналу менскага ДАІ, інцыдэнт адбыўся 26 сакавіка ў 22:40.

«На мінус першым узроўні паркінга ГЦ «Арэна-сіці» кіроўца аўтамабіля «Рэно» не справіўся з кіраваннем, выязджаючы з паркавальнага месца, у выніку чаго здзейсніў наезд на сцяну», – адзначаюць у міліцыі.

Фота – t.me/gaiminsk

Аўтамабіль прабіў сцяну і перакуліўся на эскалатар. У выніку здарэння ніхто не пацярпеў. Ратавальнікам спатрэбілася больш за 3 гадзіны, каб дастаць легкавы аўтамабіль, адзначае прэс-служба МНС.

Фота – mchs.gov.by
Фота – mchs.gov.by

«У выніку сутыкнення пашкоджана цагляная перагародка, участак эскалатара, элементы падвеснай столі і дэкаратыўнага аздаблення сцяны ўздоўж яго. Прычына здарэння высвятляецца. Дадзены інцыдэнт на функцыянаванне гандлёва-забаўляльнага і абслуговага комплексу з аўтастаянкай «Арэна-сіці» не паўплывала», – падкрэсліваюць у Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў