У менскім аэрапорце затрымалі інгушскага актывіста. Улады Інгушэціі просяць вывезці яго ў Смаленск


У Нацыянальным аэрапорце «Менск-2» у першай палове дня 8 траўня падчас памежнага кантролю быў затрыманы інгушскі грамадзянскі актывіст і блогер, лідар арганізацыі «Выбар Інгушэціі» Ісмаіл Нальгіеў.

Пра гэта паведаміў ягоны паплечнік, кіраўнік інгушскага аддзялення апазіцыйнай партыі «Яблоко» Руслан Муцольгаў. Паводле ягоных слоў, Ісмаіл мусіў вылецець у адну з еўрапейскіх краінаў.

«Ён прайшоў рэгістрацыю і дагляд, але за гадзіну да вылету яго затрымалі на памежным кантролі, патлумачыўшы гэта тым, што ён нібыта знаходзіцца ў вышуку», – напісаў Мальцогаў у сваім Facebook.

Апазіцыянер упэўнены, што затрыманне Ісмаілава палітычна матываванае, бо ён адзін з лідараў народнага пратэсту інгушаў супраць дамовы аб мяжы з Чачэніяй. Пратэстоўцы сцвярджаюць, што кіраўнікі рэгіёнаў (Юнус-Бэк Яўкураў і Рамзан Кадыраў) увялі ў зман жыхароў Інгушэціі, перадаўшы суседняй рэспубліцы частку горных земляў у Сунжанскім раёне. Гэты раён доўгі час быў прадметам тэрытарыяльных спрэчак, дакладнай мяжы там не існавала.

Адпаведная дамова была падпісаная толькі ў верасні 2018 года, што пацягнула за сабой мітынгі нязгодных. Мінулай восенню ў Нальгіева і паплечнікаў сілавікі праводзілі вобшукі.

Паводле словаў Муцольгава, у актывіста слабае здароўе – той мае праблемы са страўнікам і нядаўна перанёс аперацыю.

«Міліцыя ў Менску звязалася з ініцыятарамі вышуку, тыя просяць прывезці яго ў Смаленск і перадаць інгушскім паліцыянтам. Калі ён будзе перададзены – гэта будзе фактычна выкраданнем», – піша Муцольгаў.

Пры гэтым ён адзначае, што беларускія праваахоўнікі афіцыйна не пацвердзілі Нальгіеву ягоны статус затрыманага.

Як распавёў юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў, які звязаўся з міліцыяй у аэрапорце, без належнага працэсуальнага афармлення актывіста РФ не выдадуць. У дадзены момант Нальгіеў чакае адваката.

КА belsat.eu

Стужка навінаў