У Менскім аэрапорце заблакавалі пасажыраў праз прыезд Лукашэнкі


Чытачы «Белсату» паведамілі, што сёння, 1 жніўня, службы «Менск-2» прыпынілі рух ва ўсім аэрапорце. Супрацоўнікі ўстановы, у тым ліку і працаўнікі мытні адмаўляліся паведаміць, што адбываецца.

«Рэжымнае мерапрыемства. Колькі гэта працягнецца – невядома. Такім чынам гучаў адказ з боку мытнікаў. А ўвесь аэрапорт проста стаіць», – распавялі «Белсату» пасажыры аэрапорту.

Тых, хто толькі прыляцеў, наагул затрымалі ў аўтобусах на лётным полі.

«Нас трымаюць і адмаўляюцца выпускаць. У людзей жа перасадкі. Міліцыянтаў шмат паўсюль, шмат супрацоўнікаў спецслужбаў. Дзіця захацела ў прыбіральню, але нават яго не пусцілі, сказалі: нічога не ведаем, нельга. Пазней да нас дайшла інфармацыя, што аэрапорт заблакаваны праз тое, што Лукашэнка прыехаў у аэрапорт з прэзідэнтам Узбекістану», – распавяла пасажырка «Белавія», якая прыляцела з Варшавы ў Менск.

Непрыемнасці і нязручнасці ўзніклі не толькі для пасажыраў, якія вымушаныя былі чакаюць заблакаваныя ў аэрапорце, але і пасажыраў, якія выязджалі з аб’екту. Гэтак рэйсавы аўтобус з аэрапорту супрацоўнікі ДАІ літаральна сагналі на абочыну дзеля таго, каб забяспечыць праезд картэжу Лукашэнкі.

«Я напішу скаргу ў ДАІ. Што гэта такое, зганяць аўтобус з людзьмі на абочыну на поўнай хуткасці. Абсурд», – абураўся кіроўца аднаго з аўтобусаў.

У самым аэрапорце ад каментароў адмаўляюцца, спасылаюцца, што афіцыйныя тлумачэнні можна атрымаць толькі і выключна ад прэсавай службы. Але на момант звароту пасажыраў «Белавіі» працоўны дзень прэс-службы ўжо завяршыўся і ў аддзеле ніхто не адбіраў слухаўку.

Варта адзначыць, што ў многіх краінах Захаду для таго, каб не перашкаджаць працы аэрапорту і не выклікаць нязручнасці для людзей, ствараецца асобны тэрмінал для дыпламатычных самалётаў, як, напрыклад, у суседняй Польшчы.

СК/ДР belsat.eu

 

Стужка навінаў