У менскім аэрапорце з’явілася сем графіці


У зоне вылетаў Нацыянальнага аэрапорту з’явіліся графіці з буслам, першым паветраным шарам, дырыжаблем, лятальным апаратам братоў Райт, вінтавым самалётам Douglas і найвялікшым сучасным пасажырскім самалётам – AirbusA-380. Серыя завяршаецца футурыстычнай выявай высакахуткаснага самалёта будучыні.

У аддзеле па сувязях з медыямі кажуць, што прэзентацыя твораў адмыслова планавалася ў Дзень авіяцыі і касманаўтыкі.

«Якая асацыяцыя ўзнікае ў вас са словам «авіяцыя»? Упэўнена, што многія адкажуць – «палёт», – кажа прэсавая сакратарка аэрапорту Раміна Саматханава.

«Зараз кожны пасажыр і госць нашага аэрапорту зможа не толькі адсачыць этапы развіцця сусветнай авіяцыі, але і атрымаць эстэтычнае задавальненне. Дарэчы, графіці размешчана ў зоне вылетаў каля дзіцячай пляцоўкі. Упэўненая, нашым маленькім пасажырам вельмі спадабаецца», – дадае Саматханава.

Над праектам працавала каманда мастакоў. Адзін з іх, Сяргей Сарокін, кажа, што яны размаўлялі з дасведчанымі авіятарамі, уздымалі масу матэрыялу па гісторыі авіяцыі і адмыслова прыязджалі ў аэрапорт, каб «перажыць атмасферу».

Паводле мастака, графіці праз месца іх размяшчэння павінныя былі быць зразумелыя без словаў кожным чалавекам незалежна ад нацыянальнасці і ўзросту.

«Нацыянальны аэрапорт – ідэальнае месца для ўвасаблення такога праекту ў жыццё», – кажа Сарокін.

Праца над праектам, паводле мастака, заняла тры тыдні.

ДД

Стужка навінаў