Ператрус у менскім офісе завершаны. Забралі ўсе носьбіты інфармацыі

Абноўлена

Раніцаю а 8:55 працаўнікі МНС хацелі спілаваць дзверы ў менскім офісе «Белсату» шліфмашынай, але прадстаўнік тэлеканалу Мікола Дзябёла вырашыў уратаваць маёмасць ад шкоды і адчыніў. У Следчым камітэце паведамілі, што ператрус ладзіцца ў межах крымінальнай справы паводле арт. 188 КК – «Паклёп».

«У вас ёсць офіс у Менску? Па-мойму, гэта проста кватэра. Праводзіцца ператрус у сувязі з крымінальнай справай паводле арт. 188 ч. 2 (паклёп), якую распачала пракуратура. Паводле нашай інфармацыі, у памяшканні, меркавана, можа заставацца камп’ютарная тэхніка, з якой была распаўсюджаная гэтая паклёпніцкая непраўдзівая інфармацыя. Вашыя калегі выклікаліся ўжо на допыты, для іх гэта не мае быць навіной», – адказаў на пытанні belsat.eu прэс-сакратар Следчага камітэту Сяргей Кабаковіч.

13:00 Следчыя вынеслі тэхніку з офіса. Яе вывезлі ў чорным бусе. Праваахоўнікі забралі тры ноўтбукі і два блокі ды іншыя носьбіты інфармацыі. Іх цікавіла ўся інфармацыя, якая там знаходзілася. Следчы забараніў агучваць нумар артыкулу крымінальнай справы.

Журналіст Алесь Залеўскі ў менскім офісе пасля ператрусу
Супрацоўнікі СК выносяць тэхніку з менскага офісу нашага тэлеканалу. Фота belsat.eu

«Яны не патлумачылі, у чым віна «Белсату». Яны сказалі, што трэба казаць праўду, я не ведаю, што яны мелі на ўвазе. Усе гэтыя дзеянні звязаныя, каб перашкодзіць дзейнасці тэлеканалу ў Менску і Беларусі. Ужо не першы раз яны прыходзяць з вобшукам. Толькі раней гэта былі адміністрацыйныя справы, а цяпер мы пад пагрозай крымінальнай справы. Улады зачышчаюць інфармацыйную прастору», – распавядае Мікола Дзябёла.

Ператрус у офісе Белсату

12:30 Журналісты дагэтуль чакаюць сканчэння ператрусу.

12:05 Ад раніцы супрацоўнікі Следчага камітэту праводзяць ператрус. У пад’езд нікога не пускаюць апроч жыхароў.

Міліцыянт, які не пускае ў пад’езд
Жонка Міколы Дзябёлы Марына Загорская
Міліцыянт не пускае ў пад’езд

У двары, дзе месціцца менскі офіс нашага тэлеканалу, стаіць аўта з міліцыянтамі ў цывільным.

Аўта з міліцыянтамі ў цывільным у двары, дзе месціцца офіс Белсату

Прадстаўніца «Белсату» ў Беларусі Ірына Слаўнікава кажа, справа можа датычыць матэрыялу пра карупцыйныя схемы ў закупах медычнага абсталявання. Праз тэхнічную памылку на старонцы была апублікаваная працоўная, не фінальная версія сюжэту. «Белсат» абвергную інфармацыю і выбачыўся.

Двор, дзе месціцца офіс Белсату

У сваім Telegram-канале журналіст «Радыё Свабода» Франак Вячорка падзяліўся меркаваннем, што ператрус можа быць звязаны з падзеямі ў Курапатах, або з новай канцэпцыяй інфармацыйнай бяспекі, куды незалежныя медыі папросту не ўпісаліся.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары