У Менскай вобласці выхавальніца дома-інтэрнэту гадамі катавала дзяцей


Упраўленне Следчага камітэта па Менскай вобласці распачало крымінальную справу аб катаванні ў дачыненні да былой працаўніцы аддзелу адукацыі аднаго з раёнаў рэгіёну.

«Па дадзеных следства, жанчына, з’яўляючыся бацькам-выхавальнікам малалетніх і непаўналетніх дзяцей у доме-інтэрнаце сямейнага тыпу, на працягу некалькіх гадоў сістэматычна наносіла пабоі сваім выхаванцам», – паведамляе прэс-служба СК.

Дзеянні жанчыны кваліфікаваныя па ч. 2 арт. 154 (катаванне, здзейсненае ў дачыненні да непаўналетняга, альбо асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане або ў залежным становішчы) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкулу – 5 гадоў пазбаўлення волі. Следства працягваецца.

«З ініцыятывы следства 10 дзяцей (як малалетнія, гэтак і непаўналетнія), прызнаныя па крымінальнай справе пацярпелымі, канфіскаваныя з сямʼі. Ім аказваецца медыка-сацыяльная дапамога. Следчыя дзеянні з імі праводзяцца з удзелам спецыялістаў і выкарыстаннем адмысловых методык працы, якія забяспечваюць абарону іх правоў і інтарэсаў», – адзначаецца ў прэс-рэлізе.

У СК не ўдакладняюць, якую меру стрымання абралі для падазраванай.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў