У менскай службе ЖКГ распавялі, калі ўключаць ацяпленне


Ацяпленне ў Менску будзе ўключанае пасля таго, як сярэдняя тэмпература цягам пяці содняў запар не будзе перавышаць 8 ° С. Пра гэта belsat.eu паведамілі ў адзінай дыспетчарскай службе ЖКГ па Менску.

«Ацяпленне будзе падключана пасля таго, як адпаведнае рашэнне прыме Менгарвыканкам. Усё залежыць ад надвор’я. Калі сярэдняя тэмпература будзе не вышэй за 8 градусаў цягам 5 содняў, тады прымаецца рашэнне аб пачатку ацяпляльнага сезону», – адзначылі ў дыспетчарскай службе.

Пры гэтым не ўсе жылыя памяшканні атрымаюць ацяпленне адначасова. Якое месца займае ваш дом у чарзе на пачатак ацяпляльнага сезону, можна даведацца ў ЖКГ.

На гэтым тыдні сярэднясутачная тэмпература ў Менску была 16 верасня – 14,3 ° С, 17 верасня – 10,9 ° С, 18 верасня – 7,9 ° С, 19 верасня – 8,6 ° С, 20 верасня – 6,2 ° С.

Раней у інтэрв’ю СТВ намеснік галоўнага інжынера па эксплуатацыі філіялу «Менскія цеплавыя сеткі» РУП «Менскэнерга» Андрэй Жышко казаў, што наўрад ці да пачатку кастрычніка будуць умовы для ўключэння ацяплення.

«Пачатак кастрычніка ўжо ідзе падключэнне першай групы спажыўцоў: дзіцячыя садкі, школы, шпіталі. Ёсць яшчэ пару тыдняў для таго, каб вырашыць пытанні, сабраць працоўную зімовую схему, але самае галоўнае, што з панядзелка можна падвесці рысу – рамонтная кампанія, звязаная з выпрабаваннямі сетак, будзе завершана», – адзначыў ён.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў