У Менск зноў спрабуюць прывабіць уладальнікаў брэнду «Zara»


З’яўленне на рэкрутынгавых сайтах абвестак аб працоўных вакансіях ў менскія крамы кампаніі «Inditex» (уладальнік брэндаў «Zara», «Zara Home», «Bershka», «Pull & Bear», «Stradivarius», «Massimo Dutti», «Oysho») выклікала ажыятаж сярод прыхільнікаў фэшн-брэндаў.

Гэта як мінімум трэцяя спроба прывесці ў Беларусь уладальніка буйных сетак крамаў.

«У канцы 2016 года ў Менску адкрыюцца крамы кампаніі Inditex», – паведамляе сайт jobs.tut.by. Сярод вакансіяў: дырэктар крамы, кіраўнік, адміністратар, прадавец-кансультант / касір, візуальны мерчандайзер, старшы касір.

Крамы іспанскай кампаніі могуць зʼявіцца ў гандлёва-забаўляльным цэнтры «Dana Mall» каля Нацбібліятэкі, які планавалі здаць у 2015 годзе, але адкрыццё перанесена і чакаецца ў другім паўгоддзі 2016.

«Перамовы з Inditex сапраўды ідуць, але дамова не падпісаны. Гэта не першая спроба дамовіцца, але кампанія вядомая сваймі вельмі жорсткімі ўмовамі, таму казаць аб прыходзе яе брэндаў у Беларусь відавочна заўчасна», – адзначыў у каментары TUT.BY адзін з удзельнікаў рынка.

«У новых гандлёвых цэнтраў, увод якіх запланаваны на гэты год, могуць быць сурʼёзныя праблемы з напаўняльнасцю. Таму ім важна ўжо цяпер стварыць некаторы ажыятаж вакол сябе», – лічаць эксперты.

Пакуль з тройкі наймацнейшых фэшн-брэндаў масавага рынку ў Беларусі прысутнічае толькі «Mango».

ДР, belsat.eu паводле tut.by

Стужка навінаў