У Менск едзе дачка генерала Андэрса, яна ўскладзе кветкі ў Курапатах


Менск наведае 9-га красавіка Ганна Марыя Андэрс, упаўнаважаная ў пытаннях міжнароднага дыялогу канцылярыі старшыні Рады Міністраў Рэспублікі Польшча.

Мэта яе візіту – абмеркаваць з прадстаўнікамі беларускіх устаноў, якія займаюцца пытаннямі гісторыі, актывізацыю польска-беларускага гістарычнага дыялогу. Візіт стане працягам перамоваў у гэтым пытанні, пачатых у сакавіку ў Менску кіраўніком польскага дыпламатычнага ведамства Вітальдам Вашчыкоўскім, паведамляе польская амбасада ў Менску.

Ганна Марыя Андэрс – дачка генерала Польскай Арміі Уладзіслава Андэрса, які ўдзельнічаў у вераснёвай кампаніі 1939 года, а раней камандаваў Наваградскай кавалерыйскай брыгадай і гарнізонам у Баранавічах. Пасля ўводу савецкіх войскаў на тэрыторыю Польшчы 17 верасня 1939 году генерал Андэрс быў арыштаваны, 22 месяцы прабыў у турмах НКВД у Львове і Маскве.

Статс-сакратар Ганна Марыя Андэрс ускладзе кветкі да магіл ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах.

10-га красавіка яна накіруецца з Менску ў Катынь і Смаленск, дзе маюць ушанаваць памяць ахвяр катынскага злачынства і 6-ю гадавіну авіяцыйнай катастрофы ў Смаленску, у якой загінулі прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі і каля сотні іншых вышэйшых урадоўцаў Польшчы.

Нядаўна Беларусь наведаў міністр замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі.

Глядзіце яшчэ >>> Жаўнер Арміі Андэрса пісаў жонцы кранальныя лісты на трасянцы

МЯ, паводле svaboda.org

Стужка навінаў