У Мазыры да смяротнага пакарання асудзілі дзетазабойцу


39-гадовага Кірыла Казачка прыгаварылі да расстрэлу за тое, што сёлета ў студзені нападпітку задушыў сваіх дзяцей. Рашэнне прыняў 28 снежня Гомельскі абласны судна выязным судовым пасяджэнні ў Мазыры.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Прысуд у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны.

Па версіі следства, 31 студзеня Кірыл Казачок уласнаручна забіў сваіх дзяцей, 9-гадовую Кіру і 17-гадовага Улада. Старэйшага сына забіў, калі той сядзеў ля кампʼютара. Нанёс удар цяжкім прадметам па галаве і задушыў, а пасля такім жа спосабам расправіўся і з дзяўчынкай.

Пасля гэтага ён прыехаў у кватэру, дзе жыла ягоная жонка разам са старэйшым сынам, патэлефанаваў у міліцыю і прызнаўся ў забойстве. Нападпітку ён спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, скокнуўшы з балкона з 4-га паверху. З траўмамі галавы, пераломамі і пашкоджаннямі рознай ступені цяжкасці яго даставілі ў рэанімацыйнае аддзяленне. На момант паступлення ў шпіталь канцэнтрацыя этылавага спірту ў яго крыві склала 2,36 праміле.

Паводле следства, мужчына забіў дзяцей, каб адпомсціць жонцы за тое, што яна хацела развесціся і жыць асобна. Следства доўжылася 9 месяцаў. Напачатку лістапада справу перадалі ў суд. Былая жонка Казачка прасіла не прысуджаць яго да смерці, бо, на ейную думку, гэта занадта мяккае пакаранне.

Паводле выраку беларускіх судоў у 2016-ым годзе разам з Казачком расстраляныя ўжо 5 асобаў, яшчэ адзін чакае на выкананне прысуду.

5 лістапада ў СІЗА МУС №1 г. Менску расстралялі адразу трох асобаў: Івана Куляша, Сяргея Хмялеўскага і Генадзя Якавіцкага. Вядома пра гэта стала толькі ў снежні.

У траўні дзяржава забіла Сяргея Іванова.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў