У Маскве застрэлілі кіраўніка інгушскага Цэнтру па супрацьдзеянні экстрэмізму


Падчас нападу ў Маскве былі забітыя двое мужчын. Паводле інфармацыі СК Расеі, сярод іх начальнік Цэнтра па супрацьдзеянні экстрэмізму (ЦПЭ) па Інгушэціі Ібрагім Эльджаркіеў, піша РИА «Новости».

Здарэнне адбылося 2 лістапада на вуліцы Акадэміка Анохіна. Невядомы нападнік спачатку стрэліў у аднаго з мужчын, а калі той упаў і яму на дапамогу кінуўся другі – застрэліў і яго. Другі забіты аказаўся малодшым братам Эльджаркіева.

Паліцыя шукае траіх падазраваных, распавяла крыніца ТАСС. Крымінальная справа распачатая паводле артыкулу аб забойстве двух і больш асоб. Быў абвешчаны план «Перахоп». Пазней забойства было прызнана заказным. Аператыўныя мерапрыемствы не далі вынікаў і падазраваныя ўцяклі з Масквы.

СМІ вылучылі адразу некалькі версій забойства. Baza паведамляе, што замах можа быць звязаны з гібеллю праўнука інгушскага рэлігійнага дзеяча Ібрагіма Белхароева, у якім сваякі вінавацілі супрацоўнікаў Цэнтру «Э». Mash піша, што сілавік прыехаў суправаджаць важнага сведку па крымінальнай справе, таму паліцыя разглядае прафесійную дзейнасць як адну з прычын таго, што здарылася.

На месцы забойства Ібрагіма Эльджаркіева, начальніка Цэнтру па супрацьдзеянні экстрэмізму (ЦПЭ) па Інгушэціі. Фота Maxim Grigoryev / TASS / Forum

Эльджаркіева ўжо спрабавалі забіць на пачатку 2019 года – калі ён вяртаўся з Чачэніі ў Інгушэцію 12 студзеня ягоную машыну абстралялі з аўтаматаў. Трое паліцыянтаў атрымалі цяжкія раненні і адзін затым памёр у рэанімацыі, але сам Эльджаркіеў тады не пацярпеў.

Папярэдняе кіраўніцтва інгушскага ЦПЭ асудзілі за катаванні. У 2018 годзе Цімур Хамхоеў, які ўзначальваў Цэнтр «Э» з 2013 па 2017 год, быў прысуджаны да сямі гадоў калоніі агульнага рэжыму.

КА belsat.eu

Стужка навінаў