У Маскве загінуў журналіст Сяргей Дарэнка


Галоўны рэдактар радыёстанцыі «Говорит Москва», вядомы расейскі журналіст Сяргей Дарэнка загінуў у Маскве ў выніку ДТЗ.

Пра гэта паведаміў ТАСС са спасылкай на ўласныя крыніцы. Інфамацыю пацвярджае тэлеканал «Рен-ТВ» і шэраг тэлеграм-каналаў. Пазней звесткі пацвердзіла і радыёстанцыя, дзе працаваў Дарэнка.

Паведамляецца, што здарэнне адбылося на вуліцы Земляны вал. Дарэнка ехаў на матацыкле, яму стала кепска і ён страціў кіраванне і згубіў прытомнасць

Як піша ў сваім тэлеграм-канале са спасылкай на Дзяржаўную інспецыю бяспекі дарожнага руху галоўны рэдактар «Эха Масквы» Аляксей Венядзіктаў, матацыкл Дарэнкі выехаў на сустрэчную паласу і ўрэзаўся ў бетонную агароджу.

Медыкі спрабавалі рэанімаваць журналіста больш за гадзіну, пасля чаго канстатавалі клінічную смерць.

Сяргею Дарэнку было 59 гадоў.

  • Сяргей Дарэнка – расейскі журналіст, тэле- і радыёвядоўца, каментатар, прадзюсар. Пік папулярнасці прыйшоўся на канец 90-х: з кастрычніка 1996 па верасень 2000 года ён быў вядоўцам інфармацыйных праграм «Час» і «Аўтарская праграма Сяргея Дарэнка» на канале ОРТ. Быў са скандалам адхілены ад эфіраў на ОРТ пасля падрыхтоўкі праграмы пра гібель падводнай лодкі «Курск», а таксама крытыкі дзейнасці прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Між тым пасля Дарэнка будзе падтрымліваць Пуціна і ягоную палітыку, у тым ліку ў дачыненні да Украіны. З 2014 года – галоўны рэдактар радыёстанцыі «Говорит Москва».

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў