У Маскве прапануюць адклікаць амбасадара для кансультацыяў з нагоды справы «Вагнэра»


Першы намеснік старшыні камітэту Дзяржаўнай думы Расеі ў справах СНД, еўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыннікамі Канстанцін Затулін назваў у каментары радыёстанцыі «Говорит Москва» правакацыяй затрыманне расейскіх баевікоў у Беларусі.

Паводле дэпутата, дзеянні беларускіх уладаў «недружалюбныя, кан’юнктурныя і вельмі легкадумныя».

«Уся гэтая транзітная аперацыя была ў курсе ўвагі беларускіх спецслужбаў. Больш за тое, ніхто ўжо не хавае, што першая група паспяхова прайшла праз Беларусь. А вось тое, што затрымалі другую групу, звязана выключна з жаданнем кіраўнікоў Беларусі выкарыстоўваць падставу для таго, каб праілюстраваць свае заявы аб замежнай пагрозе, спробе дэстабілізацыі і стварыць нагоду да адмены выбараў ці далейшага закручвання гаек і правядзення іх у безальтэрнатыўным варыянце», – сказаў Затулін.

Ён падкрэсліў, што «Лукашэнка рызыкнуў адносінамі з Расеяй дзеля сваіх уласных інтарэсаў, каб навязаць зноў сябе ў якасці прэзідэнта, калі краіна прыйшла ў пратэставы рух. Да гэтага Расея не мае ні найменшага дачынення».

«Ён стаў нахлебнікам, практычна паразітам на расейска-беларускіх адносінах, шантажыстам і ў гэтай сітуацыі ён дакаціўся да правакацыі з затрыманнямі расейцаў», – падкрэсліў дэпутат.

На яго погляд, амбасадар Расеі ў Беларусі павінен быць адкліканы ў РФ для кансультацыі.

Hавiны
«Яны, канешне, вінаватыя, але не настолькі», – Лукашэнка пра затрыманых вагнэраўцаў
2020.08.02 09:59

У ноч на 29 ліпеня беларускія сілавікі затрымалі 32 грамадзянаў Расеі, баевікоў ПВК «Вагнэра», у санаторыі «Беларусачка» пад Менскам. 33-га затрымалі ў Калінкавічах. Паводле СК, расейцы падазраюцца ў «арганізацыі масавых беспарадкаў» і праходзяць па адной справе з Сяргеем Ціханоўскім і Мікалаем Статкевічам, пры тым што Ціханоўскі знаходзіцца ў СІЗА з 29 траўня.

Пазіцыя расейскага боку палягае ў тым, што дадзеная група прыбыла ў Беларусь транзітам і накіроўвалася ў Стамбул. Уладзімір Пуцін правёў нараду Савету бяспекі, падчас якой выказаў надзею, што расейцы хутка будзе вызваленыя, а беспадстаўныя абвінавачванні – знятыя. МЗС Расеі, у сваю чаргу, назваў інфармацыю беларускіх уладаў «адыёзнай трактоўкай» сітуацыі. 1 жніўня прадстаўнікі консульскага аддзелу амбасады Расеі наведалі затрыманых.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў