У Маскве пракаментавалі беларуска-расейскі дыпламатычны скандал


У МЗС РФ адзначаюць, што дыскусія аб перспектывах беларуска-расейскіх стасункаў «часцяком набывае эмацыйны характар, часам, на жаль, выходзячы за рамкі дыпламатычнай карэктнасці», аднак Беларусь застаецца «брацкай краінай» для Расеі.

Пра гэта гаворыцца ў адмысловай заяве на сайце МЗС РФ, у якой каментуецца нядаўні скандал вакол выказванняў амбасадара Міхаіла Бабіча.

«Зразумела, у расейска-беларускіх стасунках бываюць сюжэты, па якіх ацэнкі і падыходы бакоў не ва ўсім супадаюць. Пры гэтым, аднак, мы заўсёды знаходзілі і знаходзім рашэнні нават самых цяжкіх пытанняў. У вырашальнай ступені гэтаму спрыяе тое, што па-за залежнасці ад вастрыні праблемы наш дыялог праходзіць у рамках узаемапаважлівага, карэктнага і прафесійнага абмену думкамі, характэрнага для нашых брацкіх краінаў. Такім ён павінен заставацца і надалей», – кажуць у расейскім МЗС.

У міністэрстве нагадваюць, што нядаўна была створана расейска-беларуская працоўная група па рэалізацыі палажэнняў Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Масква перадала беларускім уладам «канструктыўныя прапановы» на гэты конт і цяпер чакае ад Менску «зацікаўленай рэакцыі».

«Настроены на працяг спакойнай рытмічнай працы на дасягненне канкрэтных вынікаў без эмоцыяў і непатрэбных публічных усплёскаў. Разлічваем на такі ж падыход і ад нашых беларускіх сяброў», – адзначаецца ў заяве.

  • На мінулым тыдні спецпрадстаўнік Пуціна і амбасадар Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч даў інтэрв’ю «РИА Новости», у якім даволі рэзка пракаментаваў апошнія выказванні беларускага кіраўніцтва. У прыватнасці ён заявіў, што ўсе размовы пра пагрозу суверэнітэту Беларусі могуць быць выбарчай тэхналогіяй пад назвай «мабілізацыя электарату шляхам фармавання вобразу ворага», а намёкі на Расею ў гэтым кантэксце зʼяўляюцца несяброўскім учынкам. «Расея такога стаўлення не заслужыла», – падкрэсліў дыпламат.
  • У МЗС Беларусі гэтыя заявы Бабіча жорстка раскрытыкавалі. У міністэрстве заявілі, што за кароткі час працы ў Беларусі Бабіч «проста не зразумеў розніцы паміж федэральнай акругай і незалежнай дзяржавай». «Магу дакладна сказаць, што адносіны паміж нашымі краінамі і народамі значна больш глыбокія і ўсёабдымныя, чым штучныя, падтасаваны набор лічбаў, за якія рэгулярна хапаецца расейскі дыпламат. Але гэта ягонае права вызначаць для сябе планку, якая ператварае яго ў рахункавода або падаючага надзеі бухгалтара. Хацелася б парэкамендаваць больш часу прысвяціць таму, каб паглыбіцца ў спецыфіку краіны знаходжання, пазнаёміцца ​​з яе гісторыяй і праявіць крыху павагі», – адзначыў начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі МЗС Анатоль Глаз.
Hавiны
МЗС Расеі заклікала Менск ставіцца да амбасадара Бабіча з большаю павагай
2019.03.15 14:46

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў