У Маскве п’яныя футбалісты збілі чыноўніка. Перад гэтым ад іх пацярпеў беларус

ВІДЭА

Аляксандр Какорын і Павел Мамаеў. Фота ТАСС

Форвард «Зяніта» Аляксандр Какорын і паўабаронца «Краснадару» Павел Мамаеў трапілі ў скандал, у дачыненні спартоўцаў завялі крымінальную справу.

Іх вінавацяць у збіцці чыноўніка расейскага Міністэрства прамысловасці і гандлю Дзяніса Пака. Інцыдэнт адбыўся 8 кастрычніка ў маскоўскай кавярні «Кофемания», пра яго паведаміў Telegram-канал Mash.

Раніцай футбалісты прыйшлі паснедаць у кавярную на паўночным захадзе расейскай сталіцы. Персаналу яны падаліся п’янымі або ў стане наркатычнага ап’янення. Спартоўцы замовілі сабе толькі каву, пры гэтым іхная кампанія паводзіла сябе гучна.

Інцыдэнт у кавярні

Персанал спрабаваў іх супакоіць, але марна. Сталы кліент зрабіў заўвагу, што не спадабалася Какорыну і Мамаеву. Яны збілі мужчыну, у тым ліку кідаліся ў яго крэсламі.

У выніку канфлікту пацярпеў Дзяніс Пак – кіраўнік дэпартаменту аўтамабільнай прамысловасці і чыгуначнага машынабудаўніцтва Мінпрамгандлю.

Дзяніс Пак. Фота acgi-expo.ru

Тэлеграм-канал «Mash» сцвярджае, што футбалісты называлі чыноўніка «кітайцам», папрасілі вярнуцца на радзіму і сачыць за парадкам там.

Па факце збіцця завялі крымінальную справу паводле арт. 116 Крымінальнага кодэксу Расеі («пабоі»). Санкцыя артыкулу прадугледжвае да 2 гадоў зняволення. Адвакат Дзяніса Пака заявіў, што будзе дабівацца перакваліфікацыі артыкулу на «Хуліганства» – у такім выпадку максімальнае пакаранне будзе дасягаць пяці гадоў зняволення.

Паводле «Mash», канфлікту ў кавярні папярэднічаў іншы скандальны эпізод. Сцвярджаецца, што ад агрэсіўных дзеянняў спартоўцаў пацярпеў 33-гадовы беларус Віктар Салаўёў. У той жа час тэлеканал «Россия 1» падае імя Віталь Салаўчук.

Беларус, якога збілі футбалісты

«А сёмай раніцы Какорын і кампанія выйшлі з аднаго сталічнага стрыптыз-клуба. На шляху была стаянка, яна ім перашкодзіла і пачаўся вэрхал. П’яныя футбалісты сталі штурхаць машыны, абапірацца на іх, нарывацца на непрыемнасці. Адзін з мінакоў зрабіў ім заўвагу. Здагадайцеся, што было далей. Ўсёй кампаніяй яны валяць яго на зямлю, бʼюць нагамі і прабіваюць у галаву. У хлопца страсенне мазгоў, ЧМТ, ён у рэанімацыі», – інфармуе тэлеграм-канал.

Па дадзеным факце таксама завялі крымінальную справу паводле арт. 116 Крымінальнага кодэксу Расеі («пабоі»).

Віктар Салаўёў працуе кіроўцам вядоўцы Першага каналу Вольгі Ушаковай. Перад тым, як яго зачапіла кампанія Какорына і Мамаева, ён чакаў сваю начальніцу.

Зладзілі імпрэзу на $ 250 тыс.

Аляксандр Какорын і Павел Мамаеў не ўпершыню трапляюць у скандалы. У 2016 годзе, пасля вылету зборнай Расеі з чэмпіянату Еўропы, у сеціва трапілі відэакадры адпачынку Какорына і Мамаева ў Монтэ-Карла. Пад гукі расейскага гімну ў начным клубе разлівалі шампанскае коштам 500 еўрам за бутэльку. Пазней стане вядома, што банкет каштаваў 250 тыс. еўраў. У адказ на прэтэнзіі Какорын апраўдваўся: «Нехта святкаваў дзень народзінаў, а мы проста знаходзіліся там». У сваю чаргу ФК «Краснадар» пасля таго, як стала вядома пра вечарыну, перавёў Мамаева ў моладзевы склад. Гендырэктар клубу паабяцаў, што «абуральныя паводзіны» пацягнуць штраф.

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары