У Маскве няма праграмы. Ці Усебеларускі народны сход будзе патаемным, як інаўгурацыя?


Аляксандр Лукашэнка хоча, каб Усебеларускі народны сход змяніў канстытуцыю. Валерыя Касцюгова кажа, што сход пройдзе патаемна або за калючым дротам пад аховай войска. Ці гэтая сустрэча мае законнае права змяніць асноўны закон дзяржавы? Што супольнага ў Беларусі з Туркменістанам ды Інданезіяй? Чаму рэжым не хоча арганізоўваць рэферэндум аб зменах у канстытуцыі? Ці падтрымлівае Крэмль Лукашэнку ў гэтым пытанні?

Не кожны беларус адразу і згадае, што гэта – Усебеларускі народны сход. Добра, што на сустрэчах Аляксандра Лукашэнкі з шараговымі грамадзянамі заўсёды знойдзецца той, хто разбіраецца ў палітычнай сістэме Беларусі ды задасць правільнае пытанне. Такое пытанне агучыла адная з медработніц:

«Гэты Усебеларускі сход – вельмі хацелася б пачуць ад вас, Аляксандр Рыгоравіч, – якія пытанні будуць вынесеныя на абмеркаванне?»

На сёння, пакуль Усебеларускі сход не атрымаў дадатковых паўнамоцтваў, гэта буйная сустрэча абраных грамадзянаў, якія цягам некалькі гадзінаў выслухоўваюць, як бяззменны кіраўнік падводзіць вынікі мінулай пяцігодкі і вызначае задачы на будучыню. Да прыкладу, апошнім разам, чатыры гады таму, 2,5 тысячы ўдзельнікаў адзінагалосна вырашылі павышаць якасць жыцця насельніцтва. Паводле Лукашэнкі, надышоў час змяніць фармат і паўнамоцтвы гэтага з’езду.

Аляксандр Лукашэнка:

«Усебеларускі народны сход трэба зрабіць канстытуцыйным органам, каб быў такі вось орган, які б кантраляваў галоўныя кірункі нашага развіцця. Калі мы здымаем пэўныя абавязкі з прэзідэнта, іх жа трэба кудысьці перадаваць. І ва ўрад і парламент яны не пасуць, гэтыя паўнамоцтвы. Куды іх перасунуць? Трэба шукаць такі орган. А ў нас ёсць такі орган – Усебеларускі народны сход».

Цяжка паспяваць за палётам ягонай палітычнае думкі, бо яшчэ тры тыдні таму і ўрад і парламент не мелі праблемаў з паўнамоцтвамі.

Лукашэнка заявіў 16 лістапада 2020 г.:

«Мы з вамі нядаўна дамовіліся, з кіраўніцтвам парламенту. Каб адсоткаў, пэўна, на 70–80 перадаць паўнамоцтвы прэзідэнта парламенту, ураду і іншым структурам – для гэтага канстытуцыі ламаць не трэба».

А цяпер, значыць, і без змены канстытуцыі не абысціся, і цэлы новы орган давядзецца ствараць. Тут з’яўляецца шэраг праблемаў. Паводле дзейнай канстытуцыі, прэзідэнт можа хоць штодня збіраць такі сход, на якім будзе абмяркоўваць важныя пытанні дзяржаўнага жыцця. Іншая справа, ці законна змяняць канстытуцыю падчас такой гутаркі.

Hавiны
Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай: Расея выставіла Лукашэнку жорсткія ўмовы
2020.10.31 08:05

Каментуе Міхаіл Пастухоў, былы суддзя Канстытуцыйнага суда:

«Згодна з дзейнай рэдакцыяй канстытуцыі, артыкул 140, пытанні, звязаныя са зменай паўнамоцтваў органаў улады, сістэмы ўлады – павінныя выносіцца на абавязковы рэферэндум. І таму спрасціць працэдуру ўнясення паправак у Канстытуцыю цераз Усебеларускі сход – гэта нелегітымна і незаконна».

Але ў нас ужо была таемная інаўгурацыя нелегітымнага кіраўніка краіны, таму справа законнасці, натуральна, другасная ў беларускіх умовах. Тут паўстае пытанне арганізацыйнае.

Гаворыць Валерыя Касцюгова, рэдактарка сайту «Наше мнение»:

«Для таго, каб правесці Усебеларускі народны сход, давядзецца правесці штосьці кшталту патаемнай інаўгурацыі. То бок патаемна сабрацца. Вельмі хутка прыняць нейкія рашэнні і імгненна раз’ехацца, пакуль людзі не даведаліся і не падышлі да таго месца, дзе гэта ўсё будзе праводзіцца. Або гэта ўсё давядзецца праводзіць за калючым дротам з войскам».

Прыклады такіх надпарламенцкіх органаў улады ў свеце існуюць. У Туркменістане раз на год збіраецца Халк Маслахаты – такі ж сход, што выслухоўвае справаздачу Гурбангулы Бердымухамедава. Народны кангрэс Інданезіі збіраецца раз на пяцігодку і складаецца перадусім з прадстаўнікоў сілавых органаў. А калі шукаць паралелі ў гісторыі, то адразу згадваюцца з’езды КПСС. Ува ўсіх гэтых заканадаўчых органаў ёсць галоўная перавага перад традыцыйнымі спосабамі змянення галоўнага закону краіны – шараговыя грамадзяне ў гэтым не ўдзельнічаюць. Выглядае на тое, што таго ж хоча і Лукашэнка.

Андрэй Ягораў, аналітык Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі:

«Наданне канстытуцыйных паўнамоцтваў Усебеларускаму народнаму сходу робіцца дзеля таго, каб пазбегчы правядзення рэферэндуму па праекце новай канстытуцыі. То бок такім чынам улады хочуць неяк абмінуць неспрыяльную для сябе справу арганізацыі рэферэндуму, у якім яны не ўпэўненыя, што ён пройдзе так, як яны жадаюць».

Не жадалі б і канстытуцыю мяняць, аднак пратэсты працягваюцца вось ужо пяты месяц. І хоць масавасць спала, нічога не ўказвае на заканчэнне палітычнага крызісу. Тут яшчэ і расейскае пытанне. Крэмль падтрымлівае Лукашэнку, але выстаўляе ўмовы.

Андрэй Суздальцаў, Вышэйшая школа эканомікі, Масква:

«Захавалі падтрыманне Лукашэнкі. Але ж як захавалі – з тым разлікам, што ў межах законнасці ды легітымнасці, як сказаў напрыканцы жніўня прэзідэнт Пуцін, будзе праведзены такі транзіт, з улікам змены аўтарытарнай канстытуцыі. Лукашэнка з усім, як заўсёды, пагадзіўся і, як заўсёды, нічога не зрабіў».

Калі насамрэч спадзеў Крамля быў такі, то гэта даволі наіўная пазіцыя. Бо толькі за апошні час беларускія ўлады закідалі інфармацыйную прастору цэлым шэрагам прапановаў і аб змене канстытуцыі і аб дыялогу з апазіцыяй… А мэта – адна, кажа спадарыня Касцюгова:

«Пусціць абмеркаванне ў гэтым рэчышчы, потым перадумаць. Як са зменамі канстытуцыі, гэтак жа з партыямі – ну ўвесь час жа ідуць нейкія хлуслівыя дыскусіі. Або як з саюзнымі мапамі – да іх таксама можа вярнуцца, паабмяркоўваць паўгода і закінуць зноў. Гэта проста імітацыя палітычнага працэсу».

Hавiны
Валер Цапкала: Аляксандр Лукашэнка фізіялагічна непрыемны Уладзіміру Пуціну
2020.12.05 09:02

У Маскве паўтараюць: калі б быў хтосьці, акрамя Лукашэнкі, адразу б з ім вырашалі ўсе пытанні.

Андрэй Суздальцаў:

«Цяпер вось у Маскве няма ні адной праграмы нейкіх зменаў у Беларусі. Ні рэформаў, ні расейскага вектару – нічога. Тая ж Ціханоўская – яна не працавала з Расеяй да выбараў і не працуе з Расеяй і цяпер».

У кастрычніку Святлана Ціханоўская заяўляла, што мае толькі адну просьбу да Пуціна: не ўмешвацца і даць беларусам усё зрабіць самым. Расея і не ўмешваецца, але і падтрымліваць кагосьці, хто не выказвае лаяльнасці да Крамля, не будзе. Ідзе паўсюдная гульня ў імітацыю: Лукашэнка прыкідваецца, нібы краіне ўсё збольшага спакойна і раз на некалькі тыдняў абяцае новы фармат зменаў у канстытуцыю. Вызвалены з СІЗА КДБ былы сябра штабу Віктара Бабарыкі Юрый Васкрасенскі робіць выгляд, што ад імя ўладаў вядзе дыялог з апазіцыяй, хоць ніхто з ім размаўляць не збіраецца. Масква – прыкідваецца, што верыць у чарговыя абяцанні Менску. Толькі беларусы ўжо не могуць рабіць выгляд, нібы іх не хвалюе тое, хто імі кіруе.

Усевалад Шлыкаў для праграмы «ПраСвет»

Калаж з фота: Valery Sharifulin / TASS / Forum

Напішы журналістам
Стужка навінаў