У Маладзечне кіраўнік стадыёну забіраў сабе заробак прыбіральшчыка, якога не было


Упраўленне ўнутраных справаў Менскага аблвыканкаму паведаміла пра крадзеж на маладзечанскім стадыёне.

Паводле інфармацыі міліцыянтаў, з 2013 па 2017 год у якасці аднаго з працаўнікоў была ўладкаваная асоба, якая не выконвала службовыя абавязкі. Гаворка ідзе пра пасаду прыбіральшчыка, якому ўвесь час спраўна налічваўся заробак.

Мяркуецца, што грошы, якія налічваліся, забіраў сабе кіраўнік стадыёну.

Падчас праверачных мерапрыемстваў усталявана, што дадзеная пасада прадугледжвала ненармаваны працоўны дзень, да таго ж не мела выразна фіксаванага аб’ёму працы. Двое прыбіральшчыкаў, якія прыходзілі на працу і выконвалі свае функцыі, нават не ведалі пра існаванне трэцяга калегі. Разам з тым на картку фіктыўнага працаўніка налічваўся «заробак».

«Падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў мы прыйшлі да высновы, што налічаныя сумы падазраваны рэгулярна здымаў з карткі і выкарыстоўваў грашовыя сродкі па ўласным жаданні. Агульная сума скрадзенага складае 12 919 рублёў», – патлумачыў начальнік АБЭЗ Маладзечанскага РАУС Зміцер Жартун.

У адносінах да фігуранта распачалі крымінальную справу за «крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі». Вядзецца расследаванне. Максімальная санкцыя артыкулу прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці альбо з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў