У Маладзечне маці і двое дзяцей атруціліся чадным газам


Здарэнне адбылося 5 красавіка ў Маладзечне. 42-гадовую жанчыну і ейных дзяцей – 13-гадовага сына і 10-гадовую дачку – шпіталізавалі. Пра гэта паведамляе прэс-служба МНС. Прычына атручвання высвятляецца.

З пачатку года ў Беларусі пачасціліся выпадкі атручвання чадным газам.

Найбуйнейшая трагедыя адбылася 27 студзеня ў Барысаве: у двух кватэрах шматпавярховага дому загінулі шэсць чалавек, у тым ліку двое дзяцей.

Праз тыдзень у Стаўбцоўскім раёне атруціліся чадным газам і былі шпіталізаваныя маці і дзіця.

6 лютага на кухні адной з кавярняў Слуцку ад атручвання чадным газам памерлі дзве жанчыны.

Увечары 7 лютага ў вёсцы Забалацце Рагачоўскага раёну ў лазні былі знойдзены целы двух пажылых мужа і жонкі. Папярэдняя версія гібелі пенсіянераў – атручанне чадным газам.

Пасля гэтых трагічных здарэнняў у Беларусі прайшлі шматлікія праверкі газавага абсталявання ў жылых дамах і на вытворчасцях.

5 красавіка за матэрыял, які быў прысвечаны праблеме канцэнтрацыі чаднага газу ў новабудоўлях пасёлку Бальшавік, на $ 260 аштрафавалі незалежную журналістку Ларысу Шчыракова.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў