У Магілёве знайшлі павешанага сабаку. Гэта другі такі выпадак за 3 месяцы


На акраіне Магілёва знайшлі павешанага сабаку. Ён вісеў на дрэве ўздоўж палявой дарогі. Пра гэта 6 сакавіка паведаміла ў міліцыю жыхарка Магілёва Аліна. На месцы здарэння працавала вялікая група: участковы, следчы, ветэрынар ды іншыя, усяго больш за 10 асобаў.

На момант знаходжання сабака ператварыўся ў мумію: вантробы высахлі, праз скуру выглядалі голыя косткі. Паводле ветэрынара, які рабіў агляд, сабака быў даволі малады – 2–3 гады, без пароды (метыс). І правісеў ён тут не менш за месяц. Ашыйнік на сабаку быў вельмі моцна зацягнуты, паміж ім і скурай не было як праціснуць палец. Да ашыйніка была прывязаная вяроўка, на ёй і вісеў сабака.

Павешанага сабаку знайшлі на пустыры
Калі вам стане вядома пра выпадкі жорсткага абыходжання з жывёламі, выклікайце міліцыю

Аліна, якая заявіла ў міліцыю пра павешанага сабаку, кажа:

«Я толькі заявіла ў міліцыю, а знайшла сабаку не я, а іншая жанчына. Яна пра гэта напісала ў сацыяльных сетках, людзі выказалі сваё спачуванне ёй у каментарах, але ніхто так нічога і не зрабіў. Я вырашыла выклікаць міліцыю, бо лічу, што забіваць сабаку – гэта вялікае злачынства і яго нельга проста так пакідаць».

Гэта ўжо другі павешаны сабака ў Магілёве за вельмі кароткі тэрмін. Прыканцы студзеня павешанага сабаку знайшлі ў тым жа мікрараёне – Грабянёва. Малады сабака гэтаксама правісеў на дрэве некаторы час перад тым, як людзі ўсё ж такі выклікалі міліцыю. На цяперашні момант тое злачынства не раскрытае.

Побач з дрэвам, на якім вісеў сабака, пралягае дарога

Паводле Аліны, следчы заявіў, што паводле гэтага факту распачнуць крымінальную справу паводле артыкулу 339 КК «Жорсткае абыходжанне з жывёлінамі».

Вольга Васільева, belsat.eu

Стужка навінаў