У Магілёве затрымалі журналістаў, якія меліся асвятляць пратэст кіроўцаў супраць росту коштаў на бензін


МІліцыянты затрымліваюць Аліну Скрабунову.
Фота: Белсат

У Магілёве міліцыянты затрымалі журналістку Аліну Скрабунову, а таксама аператара Аляксандра Сідарэўскага. Журналісты накіроўваліся на сход кіроўцаў, незадаволеных ростам коштаў на паліва.

Журналістку Аліну Скрабунову і аператара Аляксандра Сідарэўскага затрымалі ў двары дому. Кіраваў затрыманнем падпалкоўнік міліцыі Сяргей Афанасьеў, таксама супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС Магілёва Андрэй Цярэнцій.

«Каля дому, адкуль мы выйшлі на акцыю, нас спыніў Афанасьеў, падпалкоўнік міліцыі і сказаў, што я, як асоба ў дачыненні якой ідзе адміністрацыйны працэс, мушу ехаць з ім, але гэта не затрыманне. У РАУС на мяне склалі пратакол паводле ч 2. Арт 22.9 і адпусцілі. А праз 20 хвілінаў мне вынеслі пратакол адміністрацыйнага затрымання. У выніку гэта было затрыманне, але пратакол складзены, калі мяне ўжо адпусцілі», – распавяла «Белсату» журналістка Аліна Скрабунова.

Фота: Белсат

У выніку журналістцы выпісалі позву з’явіцца у суд 19 лютага. Судзіць Аліну Скрабунову будуць паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП («Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ») за матэрыял пра 50-годдзе тралейбуснага парку ў Магілёве. Пакаранне за гэтае парушэнне прадугледжвае штраф ад 20 да 50 базавых велічыняў (540 – 1350 рублёў).

Аляксандра Сідарэўскага затрымалі пазней. Аператар, пасля затрымання Аліны Скрабуновай, паехаў на таксоўцы. Але па дарозе супрацоўнікі ДАІ спынілі машыну ў якой ехаў Аляксандр і распачалі правяранне ў кіроўцы ўсіх дакументаў. У гэты момант аператар выйшаў з таксоўкі, але па дарозе яго затрымалі.

Нягледзячы на затрыманне журналістаў, сход кіроўцаў, якія выступаюць супраць росту коштаў на бензін, адбыўся. Пасля сходу міліцыянты правяралі ў кіроўцаў дакументы, але затрыманняў не было.

Hавiны
Лекары «затрымалі» здымачную групу «Белсату» і выклікалі нарад міліцыі
2020.02.04 15:20

СК belsat.eu

 

Стужка навінаў