У Магілёве затрымалі журналіста «Белсату» Аляксандра Сідарэўскага


Нашага журналіста Аляксандра Сідарэўскага пакідаюць у ізалятары часовага ўтрымання да суду, які адбудзецца не раней за панядзелак.

2 кастрычніка Аляксандра Сідарэўскага выклікалі на размову ў міліцэйскі пастарунак. Старшы ўчастковы інспектар Сяргей Афанасьеў паведаміў, што мае матэрыялы справы, па якой трэба апытаць Сідарэўскага. Прычым статус, у якасці каго выклікаецца журналіст, Афанасьеў назваць адмовіўся. Сідарэўскі ўвайшоў у пастарунак па адрасе вул. Фаціна, 8 у 16:30.

Аляксандр Сідарэўскі. Фота belsat.eu

Прыкладна праз гадзіну журналіст звязаўся са сваёй калегай Алінай Скрабуновай і паведаміў, што супраць яго склалі адміністратыўны пратакол за паўторны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве – паводле ч.3. арт. 23.34 КаАП.

Сідарэўскі прысутнічаў на маршах пратэсту ў Магілёве як журналіст: ён быў у манішцы «Прэса», з пасведчаннем БАЖ і з камерай у руках. Але на яго ўсё роўна склалі пратакол, як на ўдзельніка мітынгу.

Цяпер ужо дакладна вядома, што Сідарэўскага павязуць у ізалятар часовага ўтрымання да суду. Усе выходныя ён правядзе там.

Сёння міліцыя ўжо апытвала Сідарэўскага па іншаму артыкулу – 22.9 КаАП – незаконны выраб матэрыялаў СМІ. Раніцай 2 кастрычніка ў Магілёў прыязджаў участковы міліцыянер з Бялыніч і апытваў Сідарэўскага і Скрабунову наконт рэпартажу пра Дзень пісьменства.

Hавiны
Затрыманні, збіццё, арышты. Як пераследуюць журналістаў «Белсату» пасля выбараў
2020.09.29 15:14

Вольга Васільева, belsat.eu

 

Стужка навінаў