У Магілёве затрымалі кіроўцу з БЧБ-сцягам


8 жніўня жыхара Магілёва Сяргея Лапуціна спынілі 4 супрацоўніка ДАІ за тое, што той ехаў з бел-чырвона-белым сцягам. У машыне разам з Сяргеем знаходзілася яго жонка і дачка, усіх траіх папрасілі праехаць у Ленінскі РАУС Магілёва.

Затрыманне Сяргея Лапуціна. Скрыншот відэа ТГ-каналу Беларусь галаўнога мозгу

«Мы ехалі па вуліцах гораду і слухалі песню Перамен В. Цоя. За намі ў рад стала яшчэ 4 машыны, якія былі са сцягамі і белымі стужкамі. У пэўны момант мы ўбачылі, як машына ДАІ развярнулася, каб ехаць за намі. Пасля яны нас і спынілі. Нам далі 12 базавых штрафу [Br 324. – Belsat.eu]: за сцягі, за сігнал, яшчэ за нешта. І запрасілі праехаць у РАУС, нібыта VIN-нумар нашай машыны выклікае падазрэнні», – сказала жонка Сяргея Лапуціна Аксана Закрэўская.

Машыну Сяргея забралі на 10 дзён для разбіральніцтва. Самога Сяргея завялі ў РАУС, яго жонка з дачкой чакаюць ля будынку.

А 22:20 Сяргей Лапуцін выйшаў з РАУС і паведаміў, што яго адпусцілі да суда.

ДАІшнікі аглядаюць машыну Сяргея Лапуціна. Фота даслала жонка Сяргея.

«На мяне склалі пратакол нібыта за непадпарадкаванне супрацоўнікам ДАІ. Быццам бы яны мне загадалі сесці ў машыну, а я не садзіўся. Але пасля складання пратаколу мяне адпусцілі дадому і сказалі чакаць позву ў суд», – сказаў Сяргей Лапуцін адразу, як выйшаў з Ленінскага РАУС.

Вядома, што не толькі Сяргей выехаў у цэнтр Магілёва з БЧБ-сцягам увечары 8 жніўня. Тэлеграм-канал «Вусы Лукашэнка» паведамляе яшчэ як мінімум пра аднаго кіроўцу са сцягам, якога спынілі супрацоўнікі ДАІ ў цэнтры гораду.

Фота: ТГ-канал «Вусы Лукашэнка»

Вольга Васільева Belsat.eu

Стужка навінаў