У Магілёве затрымалі кіраўнікоў спецвучэльні: у іх навучэнца пералом хрыбетніка, яшчэ ў пяцёх – пабоі


Спецвучэльня ў Магілёве

Няпоўнагадовы навучэнец магілёўскай спецвучэльні закрытага тыпу № 2 трапіў у больніцу з пераломам хрыбетніка. Яшчэ пяцёра атрымалі цялесныя пашкоджанні.

26 лістапада шасцёра хлопцаў збеглі са спецвучэльні, паведамляе Tut.by. Іх знайшлі і вярнулі ва ўстанову, а пасля, паводле маці аднаго са збеглых, збілі.

Супраць дырэктара спецвучэльні і ягонага намесніка распачалі крымінальную справу за перавышэнне службовых паўнамоцтваў (ч. 3 арт. 426 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Мужчынаў затрымалі і змясцілі пад варту.

У больніцы апынуўся 16-гадовы нарадзінец Чэрыкава Андрэй. Ягоная маці Алена Шчаўлікава распавяла, што пра траўму сына даведалася ад медыкаў:

«А 7 вечара 28 лістапада мне патэлефанавала медсястра, сказала: «Вы ведаеце, што ў вашага Андрэя сур’ёзная траўма хрыбетніка? Патрэбная вашая згода на кампʼютарную тамаграфію». Я сказала, што згодная на ўсё, што трэба майму дзіцяці».

На пытанне аб тым, адкуль у Андрэя траўма, медсястра, кажа маці, адказала: збілі. Алена стала тэлефанаваць у спецвучэльні, дзе пасля мноства званкоў на розныя нумары тэлефонаў ёй адказала адна з супрацоўніц адміністрацыі.

«Я ёй сказала: «Растлумачце мне, калі ласка, што здарылася. Чаму мой дзяцёнак з пераломам хрыбетніка знаходзіцца ў шпіталі, а я пра гэта нічога не ведаю? Я ж не пазбаўленая бацькоўскіх правоў». А яна мне: «А вы ведаеце, што былі ўцёкі 26 лістапада?». Я сказала: «Паслухайце, сёння ўжо 28-е, чаму вы мне не паведамілі адразу?» На што тая адказала: «А што б гэта змяніла?» – кажа Алена Шчаўлікава.

У спецвучэльню хлопец трапіў 26 кастрычніка. Яны з аднакласнікам ускрылі чужую машыну, дасталі панэль прыбораў, прыхапілі з сабой калоду ігральных картаў. Падлеткаў прысудзілі да паўгода абмежаванні вольнага часу – з 21.00 да 07.00 яны павінныя былі знаходзіцца дома. Андрэй рэжым не выконваў, таму інспектар па справах няпоўнагадовы накіраваў матэрыялы ў суд, каб змясціць падлетка ў спецустанову. З 12 кастрычніка хлопец знаходзіўся ў прыёмніку-размеркавальніку ў Менску, а 26-га кастрычніка яго перавялі ў Магілёў. Гэта значыць, у СПТВ № 2 Андрэй прабыў месяц.

Пазней жанчына патэлефанавала ў больніцу, медсястра прапанавала ператэлефанаваць ёй пазней на мабільны, каб пагаварыць з сынам.

«Я перш за ўсё спытала: «Андрэй, што ты нарабіў?» Ён адказаў: «Уцёкі». Я спытала, навошта. А ён адказвае: «Мам, там жыць было невыносна. Нас пастаянна збівалі. Нам усё забаранілі: званкі, лісты, перадачы». Я спытала, чаму ён мне раней не сказаў пра гэта, хоць у лістах пісаў: «Я сцярплю, вытрымаю». Сын сказаў, што лісты чыталі – і не выслалі б, калі б пра такое напісалі. Па тэлефоне ён таксама нічога не мог сказаць, таму што ўвесь час побач знаходзіўся супрацоўнік, кантраляваў», – перадае словы сына Алена.

Падлетак распавёў маці, што ўцёкі яны здзейснілі 26 лістапада пасля абеду: адзін навучэнец адцягнуў увагу ахоўніка, а шасцёра пабеглі. Яны рухаліся ў бок мікрараёну Казіміраўка, калі іх злавілі. Андрэй быў апошнім.

Фотакалаж Tut.by

Мама пераказвае словы сына: іх прывезлі назад ва ўстанову, па адным заводзілі ў бацькоўскі пакой – і збівалі трое супрацоўнікаў вучылішча. Потым, кажа, беглякоў пакінулі стаяць у гэтым бацькоўскім пакоі на ўсю ноч пры ўключаным святле.

Жанчына распавядае са спасылкай на следчага, што бацькоўскі пакой – адзіны ва ўстанове, у якім няма відэакамераў.

У больніцы зрабілі здымак: у Андрэя – закрыты пералом першага пазванка паяснічнага аддзелу. Падлетак у шпіталі ўжо трэці тыдзень, хутка яго выпішуць – даўжэй трымаць у стацыянары не могуць. Яму накладуць гарсэт, загіпсуюць – і адправяць назад у вучэльню.

«Нашая адвакат сказала, што калі будзе заключэнне з лякарні пра тое, што сын не можа ўтрымлівацца ў вучэльні, то магчымая замена пакарання на хатні рэжым у сувязі з траўмай», – распавядае са слязьмі жанчына.

Пакуль у больніцы ёй сказалі, што пытанне трэба вырашаць з медсястрой вучэльні. Але гэтаму спецыяліста ў маці веры няма: сын, паводле слоў Алены, казаў, што медсястра загадвала яму замаўчаць, калі хлопчык даваў паказанні.

«Дараваць ім усім [кіраўніцтву спецвучэльні] – не дарую. Яны нават прабачэння не папрасiлi. Няхай суд вырашае, як іх пакараць. Хай ім будзе такое пакаранне, каб яны выпрабавалі тое, што мой дзяцёнак выпрабаваў», – заўважае жанчына.

Паводле Алены Шчаўлікавай, астатнія пяцёра падлеткаў не так моцна збітыя. Зараз яны знаходзяцца ў вучэльні пад кругласодневым наглядам інспектараў па справах няпоўнагадовых, каб, як сказала маці следчы, яны маглі даваць паказанні і на іх ніхто з супрацоўнікаў вучэльні не мог націснуць.

«Выпадак уцёкаў 26 лістапада быў, больш я нічога вам пракаментаваць не магу. І ніхто пракаментаваць не зможа», – заявіла намеснік дырэктара па выхаваўчай працы СПТВ № 2 Ала Дзікава.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле Tut.by

Стужка навінаў