У Магілёве загінуў хлопец, калі з'язджаў з горкі


Трагедыя адбылася ў Магілёўскім парку Падміколле 6 студзеня паміж 22:00 і 23:00. Малады чалавек з’язджаў з горкі і сутыкнуўся з ліхтарным слупам. Яму выклікалі хуткую, але яна не змагла дапамагчы.

Адзін з відавочцаў здарэння, Кірыл, даў каментар belsat.eu:

– Хлопец з’язджаў з горкі і сутыкнуўся з ліхтаром. Само сутыкненне я не бачыў. Пачуў толькі, калі дзяўчына закрычала, пачала прасіць выклікаць хуткую дапамогу. Вакол было шмат крыві. Да іх стаў сцягвацца народ. Хуткая прыехала хвілін праз 15, але нічым не змагла дапамагчы.

Горку ў парку Падміколле магілёўскія СМІ празвалі несанкцыянаванай, бо яна не прыстасавана для спуску. Але людзі масава пачалі з яе зʼязджаць з надыходам зімы. Горка вельмі крутая і таму – небяспечная.

Хуткая прыехала хвілін праз 15, але нічым не змагла дапамагчы

Раней у сацыяльных сетках ужо паведамлялі пра траўмы, атрыманыя пры катанні з горцы ў парку Падміколле. Дзяржаўныя СМІ папярэджвалі магілёўцаў, што катацца з гэтай горкі небяспечна.

За некалькі дзён да здарэння ў парку з’явіліся таблічкі, якія папярэджвалі пра небяспеку і забарону спускацца з гэтай гары

За некалькі дзён да здарэння ў парку зʼявіліся таблічкі, якія папярэджвалі пра небяспеку і забарону спускацца з гэтай гары. Але не ўсе на іх звяртаюць увагу. Як стала вядома belsat.eu, за апошні тыдзень некаторыя гараджане былі вымушаныя звярнуцца ў гарадскі траўмапункт пасля катання ў парку Падміколле. У іх былі зафіксаваныя траўмы ягадзіц.

На месцы здарэння працуе міліцыя і Следчы камітэт

На месцы здарэння цяпер (вечар нядзелі) працуе Следчы камітэт. Нам пацвердзілі, што адбылося здарэнне і загінуў чалавек. Але распавесці афіцыйную інфармацыю абяцаюць толькі ў панядзелак.

Месца здарэння

На месцы здарэння мы пабачылі чорны цюбінг. Ен ляжаў непадалек ад таго самага слупа. Побач з цюбінгам стаяла абсталяванне следчай групы. Лічыцца, што на цюбінгу можна развіць наймагутнейшую хуткасць, калі катацца з гары, і мала шанцаў астанавіцца.

Парк Падміколле ў Магілёве зрабілі цэнтрам навагодніх святаў. Там паставілі ледзяную рэзідэнцыю Каляднага Дзеда, правялі фестываль снежных скульптур. У парк штодзень прыходзіць процьма народа, шмат хто з дзецьмі. У самім парку стаіць драўляная коўзанка, але яна не карыстаецца папулярнасцю. Людзі чамусьці абіраюць небяспечную і вельмі крутую горку ў сам парк. На ёй катаюцца як малыя, так і дарослыя. Некаторыя дарослыя нават самі прыводзяць на горку дзяцей.

А пятай гадзіне раніцы ў суполцы «МАГІЛЁЎ Live» з’явіўся каментар відавочцы здарэння. Дзяніс Ганак распавёў, што ўчора ўвечары хлопцы ехалі на адным цюбінгу ўдвух. На трампліне, унізе гары, іх падкінула і яны ўляцелі ў слуп. Адзін стукнуўся спіной, другой – галавой. У апошняга адразу пайшла кроў, ён пабялеў. Хуткая дапамога прыехала праз 10 хвілін, медыкі агледзелі хлопца і жэстам далі зразумець: «яму ўжо не дапаможаш». Загінуламу было 24 гады.

Таблічка, якая папярэджвае, што з гары катацца нельга, ужо разламаная і ляжыць пасярод той самай гары

З самага пачатку навагодніх святаў у парку Падміколле дзяжурыць патруль. Праўда, на ўвесь парк – толькі двое патрульных. А жадаючых зʼехаць з крутой горкі – значна больш. Ні заўвагі, ні папярэджваючая таблічка, не маглі спыніць ахвотных да зімовых забаваў магілёўцаў. А з гары каталіся ўсе: як нецвярозыя, так і людзі ў поўным разуменні таго, што яны робяць.

Таблічка, якая папярэджвае, што з гары катацца нельга, ужо разламаная і ляжыць пасярод той самай гары

Выказваем спачуванні родным і блізкім загінулага.

Вольга Васільева, фота аўтара, відэа прадставіў сведка здарэння/belsat.eu

Стужка навінаў