У Магілёве тапанімічная камісія не падтрымала назву плошчы ў гонар Георгія Каніскага


ploshchad_ordzhonikidze_mogilev

Плошча Арджанікідзэ ў Магілёве

Перайменаваць плошчу Арджанікідзэ ў плошчу імя Георгія Каніскага тапанімічная камісія не згадзілася.

Змяніць назву прапанавалі праваслаўныя вернікі, якія накіравалі адпаведны зварот у Магілёўскі гарвыканкам.

Галасаванне ў гэтым пытанні тапанімічнай камісіі скончылася наступным чынам: з 13 сябраў камісіі 4 выказаліся за перайменаванне, 8 – супраць, 1 устрымаўся.

Гэтае рашэнне не канчатковае, у гэтай справе сваё меркаванне выкажуць яшчэ гарвыканкам і гарадскі Савет дэпутатаў.

Налета Магілёў будзе адзначаць 300-годдзе асветніка Георгія Каніскага (1717- 1795).

«У нас усё ж такі свецкая дзяржава, а Каніскі – больш рэлігійны дзеяч. На мой погляд, змяняць чырвонага крыважэрнага тырана Арджанікідзэ на рэлігійнага праваслаўнага Каніскага – не вельмі добра», – такое меркаванне агучыў магілёвец некалькі месяцаў таму, калі адбывалася грамадскае абмеркаванне ў справе назвы плошчы.

Тады ж Алег Дзячкоў з мясцовай суполкі Таварыства беларускай мовы запрапанаваў найменне, якое зʼявілася ў часы ВКЛ, выкарыстоўвалася ў Расейскай імперыі ды нават перажыло Другую сусветную вайну.

«Касцерня стала ўжывацца з сярэдзіны сямнаццатага стагоддзя пасля паўстання 1 лютага 1661 года, калі магілёўцамі быў знішчаны маскоўскі гарнізон і некалькі тысяч стральцоў было пахавана вось прыкладна на гэтым месцы», – адзначыў Алег Дзячкоў.

Наракаць на забыццё імя Георгія Каніскага ў Магілёве не даводзіцца. У гонар яго названыя вал ды палац.

НМ, belsat.eu, паводле Mogilevnews.by, фотаздымак geolocation.ws

Стужка навінаў