Удзельніка ланцуга салідарнасці ў Магілёве пакаралі 15 соднямі арышту


Аляксандра затрымалі ўвечары 19 чэрвеня на вуліцы Першамайская. Мужчына быў адным са 150 магілёўцаў, якія сталі ўздоўж вуліцы, каб выказаць свой пратэст.

Фота: Belsat.eu

З вечара пятніцы да абеду панядзелка Аляксандр Спірыдонаў знаходзіўся ў Магілёўскім ізалятары часовага ўтрымання. Ягоную справу паводле ч.2. арт. 23.34 КаАП перадалі ў суд Ленінскага раёну Магілёва.

Аляксандр Спірыдонаў абвінавачваецца ў арганізацыі і ў актыўным удзеле ў несанкцыянаваным пікеце ў Магілёве 19 чэрвеня. Сам ён віны не прызнае, але пагаджаецца, што быў на пікеце, каб выказаць сваю салідарнасць. Аляксандр апошнім часам пастаянна прысутнічаў на пікеце па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую ў Магілёве, як валанцёр.

У якасці сведкаў на суд запрошаны два супрацоўніка АМАПу – Якімюк і Баранаў.

Справу разглядае суддзя Алена Літвіна.

Аляксандр Спірыдонаў заявіў хадайніцтва аб адвакаце, яму далі дзяржаўнага адваката.

Сведка па справе, супрацоўнік АМАПу Мікалай Якімюк, на судзе заявіў, што 19 чэрвеня ў цэнтры Магілёва праводзіўся несанкцыянаваны пікет. Маўляў, было скапленне грамадзянаў уздоўж дарогі. На месцы працавала група інфармавання, якая прасіла ўсіх разысціся. Людзі былі папярэджаны, што могуць быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Фота: Belsat.eu

«Сярод натоўпу бачыў Спірыдонава. Ён хадзіў па вуліцы, здымаў на мабільны тэлефон. Мы прапанавалі Спірыдонаву прайсці ў машыну для далейшай перадачы яго ў групу разбіральніцтва», – заявіў на судзе Якімюк.

Спірыдонаў адказаў, што ў час затрымання ён ужо сыходзіў з месца падзей. А таксама тое, што Якімюк не паказаў сваё пасведчанне пры затрыманні.

Дзяржаўны адвакат запыталася, як выглядала скапленне грамадзянаў. Якімюк патлумачыў, што людзі стаялі і размаўлялі паміж сабой.

«А што ў нас нельга стаяць і размаўляць паміж сабой?», – спытала адвакатка.

На пытанне, «калі вам стала вядома, што гэта несанкцыянаванае мерапрыемства?», Якімюк спаслаўся на інфармацыйную групу, якая папярэджвала людзей на месцы. Ці стала сведку вядома, за што быў затрыманы Спірыдонаў, Якімюк так і не патлумачыў.

Фота: Belsat.eu

Другі сведка па справе, супрацоўнік АМАПу Ілля Баранаў, амаль паўтарыў словы свайго калегі:

«Спірыдонава затрымалі каля 20:00 у сувязі з тым, што па радыёстанцыі было паведамленне. Падрабязней сказаць не магу», – патлумачыў сведка.

Адваката цікавала, чаму забралі менавіта Спірыдонава.

«Ён знаходзіўся бліжэй за ўсё да нашага патруля», – сказаў Ілля Баранаў.

Аляксандра Спірыдонава вінавацяць у арганізацыі і актыўным удзеле ў пікеце. Нібыта яго паведамленне ў Тэлеграм-канале і было заклікам выходзіць на вуліцы

Суддзя суду Ленінскага раёну Магілёва Алена Літвіна пакарала Аляксандра Спірыдонава 15 соднямі адміністрацыйнага арышту.

Вольга Васільева Belsat.eu

Стужка навінаў