У Магілёве студэнтаў хацелі прымусіць даць свае логіны і паролі ад сацсетак. ФОТАФАКТ


У Магілёўскім політэхнічным каледжы зладзілі «правяранне ведаў» па тэме: «Прафілактыка злачынстваў і правапарушэнняў у інтэрнэце».

Задача тэсту – высветліць, ці ведаюць маладзёны пра адказнасць за прапаганду нацысцкай сімволікі, выраб і захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў, распальванне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці.

Тэлеграм-канал «ЛОСК» паведамляе, што студэнтаў хацелі прымусіць падаць не толькі свае акаўнты, а нават логіны і паролі. У пратаколе таксама адзначана, што студэнт мусіць паведаміць куратару групы пра змену або стварэнне новага акаўнту.

Як бачна па фота, тыя не пагадзіліся. У графе «Акаўнт у сацыяльных сетках» студэнты напісалі «адмаўляюся».

Belsat.eu спрабаваў высветліць справу з дырэктарам навучальнай установы Сяргеем Казловым, аднак у прыёмнай нас папрасілі тэлефанаваць заўтра. У Сяргея Нікалаевіча скончыўся працоўны дзень.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў