У Магілёве скралі надмагілле XIX стагоддзя. Хутчэй за ўсё, пліту здалі на металалом


Карэспандэнты Belsat.eu разам з экскурсаводам прагуляліся па Машакоўскіх могілках у Магілёве і саставілі спіс цікавых надмагілляў. На жаль, такіх засталося ўжо вельмі мала. І паўсюль – сляды марадзёраў.

Алег Дзьячкоў ліча, што старажытныя могілкі павінны мець ахоўны статус.
Фота: Belsat.eu

Магілёўскі старшыня ТБМ і экскурсавод Алег Дзьячкоў пайшоў на Машакоўскія могілкі, каб прыбрацца, і заўважыў там нечаканае. Знікла надмагільная пліта 19 стагоддзя роду Грум-Гржымайла. На наступны дзень Алег занёс заяву ў Ленінскі РАУС Магілёва з просьбай прыняць меры па пошуку пліты. У міліцыі пра знікненне ўжо ведалі – мясцовая дэпутатка Галіна Бяляева паспела паведаміць першай.

Алег Дзьячкоў зацікавіўся даследваннем Машакоўскіх могілак 5 год таму.
Фота: Belsat.eu

Адзінае надмагілле з гербам роду Грум-Гржымайла

Аглядаць месца пахавання гарадскога галавы Магілёва Рыгора Іванавіча Грум-Гржымайлы (1778 – 1846 гг.), якое раней прыкрывала металічная магільная пліта, прыехалі прадстаўнікі міліцыі, следчага камітэту і адміністрацыі Машакоўскіх могілак. Як даведаўся Алег Дзьячкоў, пліту скралі адносна нядаўна – усяго пару тыдняў таму, бо месца пад ёй яшчэ не паспела зарасці травой.

Алег Дзьячкоў першым пабачыў знікненне магільнай пліты.
Фота: Belsat.eu

Рыгор Іванавіч Грум-Гржымайла ў 1840-ых гг. быў гарадскім галавой. Па сённяшнім часе – як старшыня гарвыканкаму. А бацька Рыгора, Іван Іванавіч, быў супрацоўнікам Магілёўскага магістрата яшчэ ў часы Рэчы Паспалітай.

Машакоўскія Могілкі ў Магілёве ўтрымліваюць вельмі старыя пахаванні.
Фота: Belsat.eu

«У роду Грум-Гржымайлаў тут быў вялікі некропаль. Але сёння засталося не шмат пахаванняў. Амаль усе сканцэнтраваны вакол раскрадзенай магілы, сярод іх таксама сустракаюцца металічныя надмагіллі. Наводдаль ёсць незвычайнае гранітнае надмагілле гэтага роду – яно ўнікальнае па форме, бо верхняя пліта скошана. Большасць пліт, на маю думку, ніхто не раскраў, яны проста знаходзяцца пад зямлёй: на іх ставілі новыя пахаванні. Калі прафесійна падысці, з ведамі і спецыяльным абсталяваннем, якое бачыць пліты, бачыць парэшткі, можна было б адкапаць шмат цікавых надмагілляў», – кажа Алег Дзьячкоў.

Месца, адкуль была скрадзена пліта.
Фота: Belsat.eu

Пліта, якую скралі, была самай выбітнай, бо на ёй быў радавы герб. Гэты герб нечым нагадваў герб Магілёва – на ім быў рыцар у браме. Больш у Магілёве надмагілляў Грум-Гржымайлаў з гербам няма. Алег Дзьячкоў падрабязна апісвае выгляд старажытнага надмагілля, бо сам жа і фатаграфаваў яго ў мінулым годзе.

На Машакоўскіх могілках у XIX ст. хавалі вядомых і значных асобаў.
Фота: Belsat.eu

Слядоў барацьбы не было

«Скрадзеная пліта была вялікага памеру, прыкладна 1 на 2 метры. Яна была выраблена з металу – такую падняць вельмі складана. Таму я думаю, што выкраданнем займаліся некалькі чалавек», – мяркуе Алег Дзьячкоў.

Побач знаходзіцца магіла жонкі гарадскога галавы – Ганны. Пліта на ёй таксама металічная, але яе не скралі. Алег тлумачыць гэта тым, што на скрадзенай пліце быў раскол і гэта значна спрасціла справу марадзёрам. Пліту было прасцей узняць і ўнесці адсюль.

Металічная пліта Ганны Грум-Гржымайла засталася на месцы.
Фота: Belsat.eu

Могілкі – гэта таксама частка нашай гісторыі

На думку Алега, пліту, хутчэй за ўсё, здалі на металалом і шанцы, што яе знойдуць, вельмі малыя, бо прайшло ўжо пару тыдняў:

«Ну, вы ж бачыце, як ахоўваюцца гэтыя могілкі. Сляды працы марадзёраў на старажытных могілках паўсюль і я думаю, што трэба ўздымаць гэтае пытанне сярод грамадства і сярод уладаў, бо руйнуецца нашая гістарычная спадчына. Могілкі – гэта таксама частка нашай гісторыі», – кажа Алег.

Пліта, якую скралі

Алег Дзьякоў вывучае Машакоўскія могілкі разам з дэпутаткай Галінай Бяляевай і настаўніцай гімназіі №3 Наталляй Куляшковай. У іхных планах – дабіцца надання ўсім старажытным могілкам ахоўнага статусу, як у мінулым годзе зрабіла габрэйскае таварыства.

«Пашанцавала, што цікаўнасць да справы разам са мной праявіла і дэпутатка гарадскога савету Галіна Бяляева. Яна ўвогуле апантаны могілкамі чалавек: працуе ў школе і водзіць сваіх школьнікаў вывучаць могілкі. Яна ладзіць там і талаку, і даследчую дзейнасць. У мінулым годзе мы з ёй прайшліся і перапісалі найбольш старажытныя пахаванні на Машакоўскіх могілках. У будучым хацелася б стварыць электронны каталог, каб былі дакладныя каардынаты, фотаздымкі і апісанне пахаванняў», – тлумачыць перадгісторыю Алег.

Топ-5 пліт, якія яшчэ не скралі

Мы папрасілі Алега зладзіць нам міні-экскурсію па Машакоўскіх могілках. І экскурсавод паказаў нам 5 цікавых магільных пліт, якія яшчэ ляжаць на сваіх месцах.

Дарагое для свайго часу надмагілле – у першай лэдзі Магілёўскай губерні, графіні Аглайды Пятроўны Мержаеўскай з роду Завадоўскіх. Яе бацька, Пётр Завадоўскі, – вядомы фаварыт Кацярыны II у часы Аляксандра I, міністр народнай асветы Расейскай імперыі. Аглайда была замужам за маршалкам Магілёўскай губерні, памерла ў 1844 годзе. Такіх дарагіх надмагілляў у тыя часы было шмат, але зараз на Машакоўскіх могілках такіх засталося ўсяго пару штук.

Надмагілле Аглайды Пятроўны Мержаеўскай з роду Завадоўскіх.
Фота: Belsat.eu

Надмагілле Аглайды таксама з металу, таму прадстаўляе цікавасць для марадзёраў. Менавіта з гэтай прычыны такіх надмагілляў застаецца ўсё меней – іх проста здаюць на металалом. На крыжу засталіся 2 дзіркі – падобна, што з яго знікла распяцце. Часта няма і самога крыжа, бо яго таксама можна здаць.

Надмагілле Аглайды Пятроўны Мержаеўскай з роду Завадоўскіх таксама з металу, а значыць, ўяўляе цікаўнасць для марадзёраў.
Фота: Belsat.eu

Самая старажытная пліта, якую адшукалі аматары гісторыі, належыць прадстаўніцы дому Аношка. На пліце добра бачны шляхецкі герб роду Яцына. Дата пахавання – 1781 год. Па інфармацыі Алега Дзьчкова, магчыма, у гэтым самым доме Аношка ў Магілёве спыняўся імператар Аўстра-Венгрыі ў 1780 годзе.

Надмагілле прадстаўніцы дому Аношка.
Фота: Belsat.eu

Надпіс на пліце зроблены на польскай мове. У чатырох кутах сімвалічныя кольцы – раней такія выраблялі з жалезу, каб 4 чалавекі маглі ўзяць пліту ў рукі і перанесці яе. Але тут, відавочна, кольцы – гэта ўсяго толькі дэкаратыўны элемент. Унізе пліты бачна выява чэрапа з касцямі.

Надмагілле Аношка тут самае старое – 1781 год пахавання.
Фота: Belsat.eu

Сама пліта праз стагоддзі стала амаль незаўважна, калісьці яна ўзвышалася над зямлёй, а сёння амаль утоптаная ў яе. Пліта выраблена з камення і тут такіх калісьці было шмат. Іх не кралі, а проста знішчалі, каб зверху паставіць новыя магілы.

Герб Яцына на надмагіллі Аношка.
Фота: Belsat.eu

Доказ гэтаму можна пабачыць ужо праз пару метраў – з-пад больш сучаснага пахавання выглядвае фрагмент старажытнай пліты. Тут сапраўды вельмі цяжка разабраць надпіс, ён бачны не цалкам і, здаецца, выраблены на лаціне. Год таму пліта была амаль не заўважная, але Алег з Галінай яе пачысцілі ад зямлі і расліннасці, памылі вадой і, каб прачытаць хоць нешта, пафарбавалі ў белы колер. Па ўсім атрымалася зразумець, што пліта належыць прадстаўніку шляхецкага роду Каралько.

Знішчаная пліта прадстаўніка шляхетскага роду Каралько.
Фота: Belsat.eu

Адно з самых высокіх надмагілляў на Машакоўскіх могілках мы знайшлі ў роду Капцелеў. Ва ўсёй сям’і пастаменты выраблены з мармуру. Пакуль фатограф пытаецца разгледзець надпіс на пліце, адной нагой правальваецца ў яміну перад ёй. І тут папрацавалі марадзёры: закінутыя зверху сухім лісцем, яміны вырыты амаль пад кожным пастаментам. У ямінах відаць цагляную кладку, напэўна, там быў склеп. На думку Алега, такія склепы разрабавалі вельмі даўно, а зараз проста ўжо дабіваюць.

Надмагіллі роду Капцелеў засталіся, а склепы разрабаваныя.
Фота: Belsat.eu

Патапій Піліпавіч Капцелеў быў вельмі заможным чалавекам у Магілёве напрыканцы XIX – пачатку XX стагоддзяў. Яму належала некалькі дамоў у горадзе, у тым ліку і гасцініца «Францыя» на тэатральнай плошчы. Вядома, што Патапій Капцелеў выдзяляў грошы на будаўніцтва магілёўскага тэатру. Побач з ім – магілы яго братоў, бацькоў і дзяцей.

І апошняе пахаванне, на якое звярнуў нашу ўвагу экскурсавод, гэта пахаванне Саковічаў. Таксама вядомы род у Магілёве. Іх прадстаўнікі ўваходзілі ў гарадскую думу напрыканцы XIX – пачатку XX ст., мелі свой уласны дом. Паколькі пры жыцці яны былі статусныя людзі, то і пасля смерці мелі адпаведны ўзровень пахаванняў. Іх надмагіллі зроблены з цэменту, кожнае – аздоблена скульптурай. Да сёння захавалася толькі 2 скульптуры, і тое ў вельмі дрэнным стане. Як скончыцца эпідэмія, Алег з сябрамі збіраецца прывесці іх у парадак у першую чаргу.

Цэментнае надмагілле Саковічаў. Фота: Belsat.eu
Цэментнае надмагілле Саковічаў. Фота: Belsat.eu
Цэментнае надмагілле Саковічаў. Фота: Belsat.eu
Цэментнае надмагілле Саковічаў. Фота: Belsat.eu

На думку Алега, старажытныя могілкі ўяўляюць сабой гістарычную і эстэтычную каштоўнасць. Раней такіх помнікаў былі сотні і тысячы, але на сёння засталіся адзінкі. На жаль, гэтай справай займаюцца толькі энтузіясты сярод грамадства – адным словам, аматары. Прафесіяналаў і афіцыйнай падтрымкі пакуль не стае.

Новыя пахаванні робяцца літаральна паверх старых.
Фота: Belsat.eu

Машакоўскія могілкі ў Магілёве на сённяшні дзень яшчэ функцыянуюць, але ў той жа час тут можна знайсці старажытныя пахаванні, якія захаваліся цалкам або часткова. Самае ранняе пахаванне, якое мы ўбачылі, было зроблена ў 1781 годзе. Тут пахаваныя асобы, якія зрабілі свой унёсак у грамадскае і палітычнае жыццё Магілёва.

Металічныя пліты выклікаюць вялікі інтарэс у марадзёраў.
Фота: Belsat.eu

Замест пасляслоўя

Пакуль мы хадзілі з Алегам Дзьячковым па могілках, ён заўважыў, што знікла яшчэ адно надмагілле – помнік Аляксандру Пушкіну. Было і такое пахаванне на Машакоўскіх могілках у Магілёве.

«У РАУС заяву больш не панясу, каб не губляць там часу – напішу электронны зварот», – сказаў на развітанне Алег Дзьячкоў.

Стан старажытных могілак сёння ляжыць на плячах аматараў і энтузіястаў.
Фота: Belsat.eu

Вольга Васільева Belsat.eu

Стужка навінаў