У Магілёве пройдуць суды над актывістамі і журналістамі


Фота: «Белсат»

11 траўня ў судах Магілёва разгледзяць справы ўсіх затрыманых на мінулым тыдні за ўдзел у акцыях пратэстаў. Сярод затрыманых актывісты і шэраг журналістаў, але артыкул, паводле якога ўсіх судзяць – адзін і той жа -23.34 КаАп (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

З самага ранку ля судоў дзяжураць людзі: сваякі, аднапартыйцы і проста сябры затрыманых.

Фота: «Белсат»

Аднымі з першых прыехалі старшыня БСДП Ігар Барысаў і яго першы намеснік Аляксей Сігаеў. « Я прыехаў падтрымаць калег, з якімі працаваў: Міхася Аршынскага, Алеся Асіпцова і Аляксандра Буракова. Мы з імі ў адной арганізацыі – БАЖ. З Бураковым працуем у назіранні ў кампаніі «Права выбару». Маю з імі сяброўскія стасункі і таму прыехаў падтрымаць», – распавёў Ігар Барысаў.

Анатоль Лябедзька размаўляе з Барысам Бухелем.
Фота: «Белсат»

Пасля прыйшлі палітыкі Анатоль Лябедзька і Мікалай Казлоў. Яны адразу накіраваліся ў кабінет старшыні суду Кастрычніцкага раёну Валерыя Мазурава і там здарыўся невялікі інцыдэнт. «Мы зайшлі спытаць, каго і калі будуць судзіць, а старшыня суду пачаў нас выганяць, мяне штурхнуў і парваў маю маску», – сказаў Анатоль Лябедзька пасля таго, як пакінуў скаргу ў суду Кастрычніцкага раёну Магілёва.

Фота: «Белсат»
Фота: «Белсат»

Вялікай камандай прыехалі і прадстаўнікі руху «Маці 328». У пятніцу ў Магілёве затрымалі іх паплечніцу Інну Джумаву. Жанчыны прыйшлі падтрымаць сваю сяброўку.

На 11:00 у суды пакуль нікога з затрыманых не прывезлі. У судзе Кастрычніцкага раёну ёсць толькі адна абвестка, што справы затрыманых будзе разглядаць суддзя Жанна Пушкіна.

Аляксей Сігаеў і Ігар Барысаў.
Фота: «Белсат»

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў