У Магілёве памёр апазіцыянер Томас Якавіцкі. Падазраваны ў забойстве актывіста затрыманы


У Магілёве памёр актывіст кааліцыі «Еўрапейская Беларусь» Томас Якавіцкі. Да свайго 50-гадовага юбілею ён не дажыў месяц.

Родныя знайшлі Томаса памерлым ранкам 24 верасня. Паводле папярэдніх звестак, смерць была гвалтоўнай. Падазраваны ў забойстве актывіста затрыманы.

Нарадзіўся Томас Якавіцкі 25 кастрычніка 1966 году ў Магілёве. Ён быў адным з пачынальнікаў мотаспорту ў горадзе.

Томас жыў непрыкметным для грамадства жыццём, але дапамагаў усім, хто меў у гэтым патрэбу. Калі ў праваабаронцы Крысціны Шацікавай дыягнаставалі анкалагічную хваробу, да смерці актывісткі Томас апекаваў яе. На ўласным аўта вазіў на працэдуры.

Быў адным з арганізатараў салютаў дзеля падтрымання нявольнікаў магілёўскай калоніі Андрэя Саннікава ды Змітра Бандарэнкі. Быў удзельнікаў акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасці 19 снежня 2010 году.

Незадоўга да смерці збанкрутаваў бізнес Томаса. Ён займаўся рамонтам машын. Актывіст вымушаны быў прадаваць сваю маёмасць, каб выжыць.

Пахаванне Томаса Якавіцкага запланавана на сёння. А 12-й гадзіне пачнецца адпяванне. Месца апошняга спачыну актывіста – Паўднёва-Ўсходнія («Лаўсанаўскія») могілкі абласнога цэнтру.

Фота: svaboda.org

ЮВ, belsat.eu, паводле svaboda.org

Стужка навінаў