Аліну Скрабунову аштрафавалі на Br 1225, Яўгена Глушкова – на Br 735


Аліна Скрабунова

Аліну Скрабунову і Яўгена Глушкова судзілі за супрацу з «Белсатам». Адміністрацыйныя справы за працу без акрэдытацыі разглядаў Ленінскі суд.

Аліна Скрабунова атрымала 1225 рублёў штрафу, Яўген Глушкоў – 735.

Журналісты заявілі адвод суддзі Таццяне Касцюк, але яна не задаволіла хадайніцтва аб сваім адводзе двойчы, а пасля не дала журналістам агучыць іншыя хадайніцтвы і пачала разгляд справы. Фрылансеры лічаць, што яна не можа сумленна разглядаць гэтую справу, бо з’яўляецца зацікаўленай асобай.

«Я падала адвод, бо справа трапіла да яе невыпадкова. 14 лістапада 2017 года Таццяна Касцюк ужо пакарала мяне паводле аналагічнай справе штрафам у 690 рублёў», – кажа Аліна Скрабунова.

Пасля адмовы Касцюк прысутныя пакінулі залу судовых паседжанняў. Справу працягнулі разглядаць у пустым памяшканні.

Яўген Глушкоў

Справа вядзецца пра два сюжэты, якія паказалі на «Белсаце»: высяленне жыхароў з дому на вуліцы Заслонава, 29 у Магілёве за 4 красавіка і самагубства кіраўніка аграхолдынгу «Купалаўскае» за 5 красавіка.

У якасці сведкаў на суд выклікалі героі сюжэтаў. Жыхары дому № 29 заяўляюць, што іх выклікалі падманам.

«28 траўня мне пазваніў невядомы мужчына і прадставіўся супрацоўнікам суда Ленінскага раёну. Ён сказаў, што заўтра тут будзе разглядацца нашая справа аб высяленні жыхароў. І толькі калі я прыйшла ў суд, аказалася, што мяне выклікалі ў якасці сведкі на суд супраць журналістаў» – тлумачыць Ларыса Ішчэйкіна.

Судовае паседжанне

«Мы кожны раз даводзім да міліцыі і суда, што ўмовы правапарушэння пазначаны памылкова: судзіць можна толькі за тое, што прадугледжана кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях, а ў пратаколах супраць журналістаў міліцыя выходзіць за межы заканадаўства і пазначае іншае правапарушэнне», – кажа праваабаронца Барыс Бухель.

Таццяна Касцюк ужо другі раз разглядае справы за супрацу з «Белсатам», а таксама выносіла абвінаваўчы вырак магілёўскай актывістцы Алены Крэнь – за ўдзел у Маршы недармаедаў суддзя пакарала жанчыну штрафам у 230 рублёў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары