У Магілёве на Дзень Волі правялі экскурсію


Экскурсія па Магілёву на Дзень Волі, распавядае гісторык Алесь Агееў. Фота «Белсат»

25 сакавіка ў Магілёве адбылася дабрачынная экскурсія па месцах, звязаных з Беларускай Народнай Рэспублікай. Яе правёў гісторык Алесь Агееў, адзін з аўтараў кнігі «Фармаванне і дзейнасць Магілёўскага Беларускага Камітэту (1917–1918 гг.)». Па сутнасці менавіта пра гэты камітэт і распавядалася, бо ён прасоўваў інтарэсы беларусаў на Магілёўшчыне і стаў першым органам, які афіцыйна падтрымаў абвяшчэнне БНР у Менску.

«БНР часта называлі то буржуазным, то нямецкім праектам, але абедзве версіі рассыпаліся. Мне відавочна, што і БНР і БССР – два варыянты адной ідэі. Магла прайсці і тая і тая. Тое, што БНР праіснавала мала часу, ніяк не змяншае яе значнасці для нас, нашчадкаў тых беларусаў, якія змагаліся за самавызначэнне», – кажа Алесь Агееў.

Менавіта тут, на плошчы Славы 100 год таму праводзілі беларускія нацыянальныя святы

Гісторык тлумачыць, што ў 1918 годзе натуральна, што Магілёў і Менск знаходзіліся на адной хвалі. Па ягоных словах, Гомель у тыя часы, як і Берасце, былі пад уплывам Украіны, Горадня – схіляўся да палякаў, а Віцебск быў пад уплывам Саветаў. Жыхары Магілёву і Менску бачылі гэтае драбленне і менавіта таму падтрымалі ідэю ўтварэння сваёй Беларускай Народнай Рэспублікі.

Гараджане ахвяравалі грошы на дзейнасць беларускага камітэту ў Магілёве

«У Магілёве 100 год таму адбываліся файны рэчы. Палову гораду насялялі габрэі, але беларусы змаглі абʼяднацца і стварыць досыць моцную арганізацыю – Магілёўскі беларускі камітэт. Грошы на сваю дзейнасць яны збіралі падчас народных гулянняў. На плошчы, якая сёння завецца плошчай Славы, улетку 1917 года беларусы зладзілі Купалле – з расцяжкамі, харугвамі, забавамі ды скарбонкамі для збору грошай. Ідэя правядзення такіх забаваў прыйшлася гараджанам даспадобы і яны шчыра ахвяравалі. Камітэт з аднаго такога свята сабраў 2000 рублёў на падтрыманне сваёй дзейнасці», – кажа Алесь Агееў.

Месцы, па якіх прайшла экскурсія, апісаны ў кніжцы «Шляхамі БНР»
Экскурсіі па месцах дзейнасці Магілёўскага беларускага камітэту ладзяцца ў Магілёве штогод

Сабраныя грошы дапамаглі беларусам правесці паспяховую выбарчую кампанію ў гарадскую думу. Агітацыя звычайна праходзіла ў царкоўных прыходах адразу пасля службы. Там раздаваліся ўлёткі, надрукаваныя ў магілёўскай друкарні. Як кажа Агееў, гэтыя ўлёткі маглі б стаць добрым прыкладам агітацыйных кампаніяў нават сёння. Дзякуючы такой працы сябры Магілёўскага беларускага камітэту атрымалі на выбарах у гарадскую думу 6 месцаў з 64.

Чалавек у цывільным ад пачатку і да канца сачыў за экскурсіяй на адлегласці. З ім было яшчэ некалькі асобаў у цывільным. Фота «Белсат»

«Як ні дзіва, у гарадской думе беларусы ініцыявалі абмеркаванне двух пытанняў: хлеба і беларускай рэспублікі. Ім удалося перацягнуць на свой бок прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў: габрэяў, украінцаў, расейцаў, палякаў. І летам 1918 года на сходзе прадстаўнікоў дзяржаўных устаноў і грамадскіх арганізацыяй магілёўцы падтрымалі ідэю стварэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі», – кажа Алесь Агееў.

Шыльда яшчэ чакае свайго часу

Калі экскурсія дайшла да будынку сярэдняй школы № 1, дзе і адбыўся гэты гістарычны сход, пільныя слухачы заўважылі: «А дзе шыльда, якую планавалі павесіць на будынак яшчэ ў мінулым годзе?»

У цэнтры гораду, дзе прайшла экскурсія, пераважна жылі толькі заможныя людзі

Сапраўды, падчас экскурсіі шляхамі БНР у Магілёве ў 2018 годзе скульптар Андрэй Верабʼёў прэзентаваў эскіз памятнай шыльды. А ўдзельнікі экскурсіі падпісаліся пад зваротам за яе ўсталяванне. Планавалася, што шыльду павесяць на будынак СШ № 1, у сценах якога беларусы падтрымалі БНР. Алесь Агееў патлумачыў, як сітуацыя выглядае праз год:

«Справа зацягнулася, бо ў Менску аналагічная сітуацыя не была развязаная. Зразумела, што калі б у Менску далі дабро, то і ў нас не было б перашкод. Але менскія ўлады адмовіліся вешаць шыльду, вось і нашыя цяпер не могуць рашыцца. І не дазволілі, і не адмовілі. Хаця на тапанімічнай камісіі, якая разглядала прапанову павесіць памятную шыльду, большасць выказалася «ЗА».

Палітык Алесь Сілкоў усклаў кветкі на будынак, у якім стагоддзе таму беларусы з Магілёва падтрымалі абвяшчэнне незалежнасці БНР у Менску

Не абышлося без увагі з боку міліцыі. Удзельнікі экскурсіі заўважылі трох асобаў у цывільным, якія сачылі за экскурсіяй ад пачатку і да яе заканчэння, але блізка не падыходзілі. Адзін супрацоўнік намагаўся здымаць удзельнікаў экскурсіі на камеру. Калі яго рассакрэцілі, ён чамусьці схаваў спыніў здымкі і стаў проста назіраць. Трэба адзначыць, што міліцыянты пільнавалі святкаванне Дня волі ў Магілёве яшчэ 24 сакавіка. Дзве машыны стаялі ля гасцініцы «Губернская», дзе адбывалася святочнай імпрэза.

Музыкаў выпусцілі з РАУС. У Менску – феерверкі. Хроніка Дня Волі

Вольга Васільева belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары