У Магілёве на актывіста Паўлінковіча завялі крымінальную справу за абразу суддзі


Станіслаў Паўлінковіч
Фота: «Белсат»

27 ліпеня магілёўскі актывіст Станіслаў Паўлінковіч наведаў Следчы камітэт, дзе яго азнаёмілі з крымінальнай справай супраць яго і дапыталі.

У дачыненні да актывіста паводле арт. 391 Крымінальнага кодэксу завялі справу за «абразу суддзі». Пастанову аб распачацці крымінальнай справы выпісаў старэйшы следчы Магілёўскага міжраённага аддзелу СК Шарапкін А.А. яшчэ 22 ліпеня. Сваю віну Паўлінковіч прызнае і кажа, што «быў на эмоцыях».

Пастанаўленне пра пачатак крымінальнай справы

Абразу суддзі следчыя ўгледзелі ў словах Паўлінковіча на судзе 21 траўня. Падчас паседжання актывіст вельмі эмацыйна выказваўся. На гэты суд Паўлінковіча прывезлі пасля арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу, каб судзіць яго яшчэ за непадпарадкаванне міліцыі і за абразу міліцыі. У выніку суддзя суду Ленінскага раёну Аксана Ратнікава прысудзіла яму яшчэ 15 содняў арышту і 1215 рублёў штрафу. Штраф актывісту ўжо дапамаглі сплаціць неабыякавыя людзі, а гэтыя содні «падвіслі» і Паўлінковіча могуць забраць на іх у любы момант.

Абноўлена
«Прыйшоў у суд назіраць, а затрымалі мяне самога». У Магілёве – суды над затрыманымі напярэдадні Дня Перамогі
2020.05.11 14:38

«Яны палічылі мае словы на судзе 21 траўня за абразу суддзі Аксаны Ратнікавай. Я вельмі выбачаюся перад суддзёй і цалкам прызнаю сваю віну. Я нават і забыў, што такое казаў. Але я не хацеў нікога абразіць, я быў на эмоцыях. Мяне пастаянна судзяць за ўдзел у мірных акцыях, даюць то штрафы, то суткі. Калі мяне прывезлі з сутак, каб яшчэ раз асудзіць, я вельмі раззлаваўся. Нагаварыў там усяго. Натуральна я быў не згодны з тым, што мне шыюць непадпарадкаванне міліцыі, бо я не аказваў ніякага непадпарадкавання. Міліцыянты прыйшлі затрымліваць мяне проста на працу, адразу надзелі на рукі кайданкі, як я мог аказаць ім непадпарадкаванне?» – кажа пра сваю крымінальную справу Станіслаў Паўлінковіч.

Узгадаць усё слова ў слова, што Станіслаў казаў на судзе, яму дапамог аўдыёзапіс з судовага паседжання. Следчы выявіў, што Паўлінковіч у прысутнасці іншых асобаў публічна выказаў у адрас суддзі Ратнікавай выразы абразлівага характару ў непрыстойнай форме, тым самым наўмысна прынізіў яе гонар і годнасць.

Аб’ектыў
Улады робяць апанентаў дармаедамі
2017.11.23 23:00

Як актывісту паведаміў следчы, ужо праведзеная лінгвістычная экспертыза ягоных выказванняў. Наперадзе яго чакае псіхіятрычная экспертыза.

Пакуль што Паўлінковіч застаецца на волі, падпіску аб нявыездзе з яго не бралі. Разабрацца ў справе актывісту дапамагаў дзяржаўны адвакат.

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў