У Магілёве міліцыянты затрымалі юнакоў за рэкламу і распаўсюд псіхатропаў


Супрацоўнікі падраздзяленняў па наркакантролю і супрацьдзеянню гандлю людзьмі затрымалі траіх магілёўцаў, якія займаліся рэкламай інтэрнэт-крамы па продажы наркотыкаў і псіхатропаў. Таксама яны падазраюцца ў іх закладцы.

Двое былі затрыманыя яшчэ ў лютым, калі па ўказанні адміністратара інтэрнэт-крамы яны павінны былі раскласці «закладкі» псіхатропных рэчываў у Магілёве. Падазраваныя былі затрыманыя з доказамі злачынства супрацоўнікамі наркакантролю. Падчас затрымання былі канфіскаваныя расфасаваныя «закладкі» асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва альфа-PVP агульнай вагой больш за 2 грамы. Яшчэ трох жыхароў гораду, звязаных з гэтай жа інтэрнэт-крамай затрымалі ў сакавіку за аналагічныя злачынствы.

Акрамя таго супрацоўнікі наркакантролю ўсталявалі, што з лістапада мінулага году зламыснікі з выкарыстаннем балончыкаў з фарбай уначы і вечарам стварылі каля 1000 графіці ў Магілёве, Менску і Барысаве з рэкламаю сайту, праз які вёўся гандаль наркотыкамі.

Следчыя завялі крымінальную справу паводле артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу (незаконны абарот наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў). Пакаранне за гэтае злачынства ад 5 да 25 гадоў пазбаўлення волі. Пры гэтым адказнасць наступае ўжо з 14 гадоў.

Акрамя іншага адказнасць прадугледжваецца і за несанкцыянаваныя надпісы. Паводле артыкулу 10.9 КаАП за наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці, якія пацягнулі прычыненне шкоды ў нязначным памеры, прадугледжвае штраф да 50 базавых велічыняў. Але калі урон прызнаецца істотным, то незаконныя дзеянні падпадаюць пад крымінальную адказнасць, за што прадугледжваецца адказнасць у выглядзе зняволення на тэрмін да двух гадоў.

Упраўленне па наркакантролю і супрацьдзеянню гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС Рэспублікі Беларусь заклікае з максімальнай адказнасцю ставіцца да прапановаў высокааплатнай працы. Не важна, у якой якасці адбываецца вярбоўка – кур’ерам, мінёрам, закладнікам, кладменам або так званым трафарэтчыкам. Пры гэтым словы «легальна», «творчая праца», «скарбы», «фотасправаздачы», «безасабовы продаж», «прыватнасць» павінны насцярожыць. Сёння з вялікай доляй верагоднасці можна казаць, што гаворка ідзе пра маніпуляцыі наркадылераў, якія шукаюць новых ахвяраў.

У сувязі з гэтым праваахоўнікі заклікаюць адкідваць прапановы сумнеўнага заробку.

Аб’ектыў
У Віцебску стыхійна распаўсюджваюцца графіці з рэкламаю сайтаў, праз якія ідзе гандаль наркотыкамі
2019.01.19 16:21

СК, belsat.eu

Стужка навінаў