У Магілёве чацвёра хлопцаў пажартавалі: прыйшлі ў краму голымі. Цяпер ім пагражае да 6 гадоў калоніі


Магілёўскім міжраённым аддзелам Следчага камітэту распачатая справа па ч.2 арт.339 (злоснае хуліганства) Крымінальнага кодэксу супраць чацвярых хлопцаў, якія прыйшлі ноччу ў краму без вопраткі і здымалі свой жарт на відэа. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал Следчага камітэту.

Паводле СК, ноччу 12 жніўня чацвёра 18-гадовых хлопцаў распівалі спіртныя напоі. Калі спіртное скончылася, хлопцы сабраліся ў начную краму за дадаткам.

«Перад выхадам, вырашыўшы праявіць п’яную ўдаласць, падазраваныя знялі штаны і пакінулі іх у кватэры. Па дарозе ў краму з хуліганскіх меркаванняў маладыя людзі пашкодзілі люстэрка задняга віду ў двух аўтамабілях, а таксама здзяйснялі хуліганскія дзеянні на праезнай часткі, перашкаджаючы праезду. Затым падазраваныя знялі ўсю астатнюю вопратку і ў аголеным выглядзе зайшлі ў начную краму. Адзін з іх дэманстратыўна сеў на месца касіра, каб зрабіць фота для сацыяльнай сеткі. Усе свае дзеянні маладыя людзі здымалі на камеру мабільнага тэлефона. Па дарозе дадому падазраваныя былі затрыманыя працаўнікамі міліцыі», – адзначаецца ў прэс-рэлізе Следчага камітэту.

Фота – https://t.me/skgovby

Праваахоўнікі адзначаюць, што адзін з хлопцаў раней судзімы за рабаванне і незаконны абарот наркатычных сродкаў.

«Следчыя нагадваюць, што цынічныя жарты і праява бессаромнасці ў пагоні за «лайкамі» у сацыяльных сетках могуць пацягнуць за сабой крымінальную адказнасць і пакаранне аж да пазбаўлення волі», – падкрэсліваюць у СК.

Максімальнае пакаранне паводле па ч.2 арт.339 (злоснае хуліганства) прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да 6 гадоў.

Hавiны
ГУБАЗіК затрымаў трох падлеткаў за «фрывольныя паводзіны». Распачатая крымінальная справа
2019.08.09 14:50

КА belsat.eu

Стужка навінаў