У Магілёве асудзілі студэнта, які нібыта прыйшоў на мітынг з 2 нажамі, кіем і за грошы


25 верасня ў Магілёве адбыўся суд над маладым чалавекам, які на відэа УУС Магілёўскага аблвыканкаму кажа, што за ўдзел у акцыях пратэсту яму прапанавалі грошы.

Суддзя Ленінскага суду Аксана Ратнікава прысудзіла Паўлу (гэта сапраўднае імя, а прозвішча ёсць у рэдакцыі. – Belsat.eu) 14 содняў адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 23 верасня.

Гэта самы суворы прысуд магілёўскіх судоў за сёння – астатнім грамадзянам, якіх судзілі за ўдзел у акцыях пратэсту – давалі ад 10 базавых штрафу да 7 содняў арышту.

Скрын з yuotube-каналу УУС Магілёўскага аблвыканкаму.
Скрын з yuotube-каналу УУС Магілёўскага аблвыканкаму.

Гісторыя Паўла самая незвычайная. 24 верасня на youtube-канале УУС Магілёўскага аблвыканкаму з’явілася відэа пад назвай «Магілёўцу абяцалі 55 рублёў за ўдзел у пратэстным маршы». Твар маладога чалавека на відэа схаваны, але на судовым паседжанні супалі ўсе акалічнасці справы. Знаёмыя Паўла таксама пацвердзілі, што пазнаюць яго на відэа.

Суд Ленінскага раёну Магілёва.
Фота: Вольга Васільева / Белсат

На відэа УУС Магілёўскага аблвыканкаму паказалі калону пратэстоўцаў, якая сабралася ў Магілёве вечарам 23 верасня. У калоне ідзе малады чалавек у цёмнай вопратцы, з маскай на твары, з-за спіны тарчыць нейкі кій. Пасля паказваюць нажы на целе чалавека, галавы не бачна. Трэці план – гэта малады чалавек у чорнай вопратцы са схаваным тварам сядзіць у кабінеце і дае тлумачэнні.

«Мне прапанавалі паўдзельнічаць за грошы…у тэлеграм-канале са мной звязаліся…прапанавалі 55 рублёў за тое, каб прайсці ў шэсці пад здымкі» – кажа малады чалавек.

З сабой у хлопца былі кій, маска і 2 нажы

Як распавядаюць знаёмыя Паўла, яго затрымалі вечарам 23 верасня ўжо пасля акцыі пратэсту. Ён ехаў разам з імі ў аўтобусе, але вырашыў выйсці на прыпынак раней, чым астатнія. Павел вярнуўся ў цэнтр гораду за сваім роварам, дзе яго і затрымалі.

Іншыя затрыманыя ў Магілёве вечарам 23 верасня паведамілі, што Паўла ў РАУСе трымалі асобна ад іх. Але аформілі яго і судзілі паводле ч.1. арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

Акцыя пратэсту ў Магілёве 23 верасня.
Фота: Вольга Васільева / Белсат

Падчас разгляду справы Павел сваю віну цалкам прызнаў. Паколькі судзілі Паўла праз скайп, а сувязь увесь час знікала, а ў цэлым гук быў не самы лепшы, чуваць яго тлумачэнні было кепска. Таму мы прыводзім толькі тое, што ўдалося дакладна пачуць.

«Я далучыўся да натоўпу людзей, але сам ніякай сімволікі не меў, лозунгі не выкрыкваў, ніякіх плакатаў не рабіў і пры сабе не меў», – сказаў Павел на судзе.

У той жа час ён патлумачыў, што не толькі ішоў у калоне, а яшчэ ехаў на ровары і рабіў фота ўдзельнікаў маршу.

Наконт грошай Павел распавёў наступнае:

«Мне было ў цэлым цікава, як праходзяць такія акцыі. А яшчэ мне прапанавалі грашовую ўзнагароду за ўдзел».

У прынцыпе Павел паўтарыў усё што, што гучала ў відэа на канале УУС Магілёўскага аблвыканкаму. Наконт нажоў Павел патлумачыў, што той, хто прапанаваў грошы, сказаў яму ўзяць з сабой усе гэтыя рэчы: 2 нажы і прадмет, падобны на дубіну. Гэтыя рэчы супраць людзей Павел выкарыстоўваць не планаваў, ён проста павінен быў мець іх з сабой. Пра нажы Павел патлумачыў, што адзін яму неабходны для рамонту ровара і ён яго носіць з сабой кожны дзень, а тлумачэнні пра другі нож не атрымалася пачуць.

Акцыя пратэсту ў Магілёве 23 верасня.
Фота: Вольга Васільева / Белсат

Суддзя паказала Паўлу відэа з мітынгу, на якім Павел пазнаў сябе. Малады чалавек пацікавіўся, ці дадуць яму нейкія паперы, якія пацвердзяць ягонае затрыманне – яны неабходныя для ўстановы адукацыі, паколькі Павел студэнт. Суддзя абяцала, што такія паперы ў хлопца будуць.

Напрыканцы суддзя Аксана Ратнікава агучыла вырак – 14 содняў арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

На судзе прысутнічаў айчым Паўла. Ён сказаў, што разгублены такім тлумачэннем пасынка, не чакаў такога тлумачэння ад яго. Са словаў айчыма Павел вельмі добра вучыцца, жыве з бабуляй, цікавіцца анімэ і калекцыянуе нажы. Пра праблемы з грашыма ў Паўла ён не чуў.

Вольга Васільева, «Белсат»

Стужка навінаў