У Магілёўскім раёне былую загадчыцу дзіцячага садка будуць судзіць за крадзеж і хабар


Пракуратура Магілёўскага раёну накіравала для разгляду ў суд крымінальную справу супраць загадчыцы яслі-саду ў аграгарадку Раманавічы.

Як паведамляе выданне «Прыдняпроўская Ніва», расследаванне паказала, што абвінавачаная з траўня 2012 году па красавік 2016 году, «незаконна завалодала грашовымі сродкамі аддзелу адукацыі Магілёўскага райвыканкаму».

Паводле справы, былая загадчыца і яшчэ некалькі працаўнікоў дзіцячага садку нібыта сумяшчалі ва ўстанове працу на некалькіх пасадах. Фактычна ж яны выконвалі толькі асноўную працу, а грошы за дадатковыя гадзіны атрымлівала кіраўніца. Такім чынам загадчыца агулам атрымала 1915 рублёў.

Таксама жанчына брала хабар ад супрацоўнікаў за тое, што налічвала прэміі. Пасля сабе забірала грошы з гэтых жа прэміяў, узамен гарантуючы падначаленым, што тыя застануцца на сваіх месцах, не атрымаюць матэрыяльнага або дысцыплінарнага пакарання. Паводле следства, абвінавачаная такім чынам з траўня 2011 года па красавік 2016 года атрымала 1700 рублёў. Пракуратура прад’явіла былой загадчыцы пазоўную заяву аб спагнанні ў прыбытак дзяржавы грошай, атрыманых у выглядзе хабару.

Жанчыну вінавацяць паводле ч. 1 арт. 210 (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі), ч. 1 арт. 430 (атрыманне хабару) Крымінальнага кодэксу Беларусі. Санкцыя артыкулаў прадугледжвае да 7 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады і займацца пэўнай дзейнасцю.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў