У Магадане хочуць будаваць як у Беларусі


Паўночны расейскі горад стаў пабрацімам Баранавічаў, і цяпер плануе пераняць беларускі досвед у будаўніцтве.

19 траўня Баранавічы і расейскі Магадан падпісалі пагадненне аб партнёрскіх адносінах. Пабрацімства прадугледжвае перадусім развіццё супрацы ў сферах прамысловасці, прадпрымальніцтва і гандлю, ЖКГ і экалогіі, адукацыі, навукі, культуры і моладзевай палітыкі, спорту і турызму.

БЕЛТА падае, што гарады дамовіліся «абменьвацца інфармацыяй і досведам, якія выклікаюць узаемны інтарэс, а таксама арганізоўваць выставы і кірмашы прадукцыі прадпрыемстваў Баранавічаў і Магадану».

«Нашыя пабрацімскія адносіны прадугледжваюць супрацу ў розных сферах. У першую чаргу для нас важна развіццё індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва. Мы ўбачылі магчымасці вашага домабудавання, ёсць добрыя прапановы. Спадзяюся, са з’яўленнем новага пабраціма жыллёвае будаўніцтва ў Магадане будзе развівацца больш інтэнсіўна», – заявіў мэр Магадану Юрый Грышан.

Між іншага, Юрый Грышан абмеркаваў з мэрам Баранавічам Юрыем Грамакоўскім магчымасці паставак баранавіцкага тэкстылю ў найбуйнейшую магаданскую гандлёвую сетку.

«Пастаўленая задача на працягу некалькіх месяцаў абмяняцца дэлегацыямі бізнес-колаў, таксама ў Магадана ёсць цікавасць у набыцці беларускіх прадуктаў харчавання. Упэўнены, знойдзем агульныя падыходы і ў іншых сферах. Самае галоўнае, што пакладзены пачатак супрацы», – дадаў Юрый Грамакоўскі.

Сёння Баранавічам споўнілася 147 гадоў. На святкаванні Дня гораду ўлады адзначылі, што пачатак партнёрства з Магаданам робіць свята «надзвычай асаблівым».

Магадан стаўся 15 пабрацімам Баранавічаў. Дагэтуль горад падпісаў партнёрскія дамовы, між іншага, з фінскай Хейнолай, польскай Гдыняй, аўстрыйскім Штокерау і латышскай Елгавай.

ДД

Глядзі таксама
Каментары