У Лёзне памерла 49-гадовая працаўніца дома культуры. Сваякі лічаць, што ў яе быў каронавірус


Як піша «Наша Ніва», в Лёзне (Віцебская вобласць) памерла 49-гадовая Антаніна С., якая працавала ў мясцовым доме культуры.

Паводле выдання, жанчына разам з мужам жыла ў аграгарадку Зубкі Лёзненскага раёна. Антаніна С. была галоўным дырыжорам Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і адраджала традыцыі інструментальнага фальклору.

Увечары 23 красавіка ў жанчыны з’явілася тэмпература – 37,3. Яна выпіла таблетку, каб збіць яе, а на наступны дзень папрасіла сына адвезці яе ў раённую лякарню праверыцца. Флюараграфія паказала аднабаковую пнеўманію.

29 красавіка Антаніну ўжо з двухбаковай пнеўманіяй перавялі ў Віцебскую абласную лякарню. Увялі ў медыкаментозны сон і падключылі да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх, чысцілі кроў. Стан жанчыны заставаўся стабільна цяжкі. 6 траўня яна памерла.

Сын Антаніны распавёў «НН», што сямʼя не ведае, ці быў у жанчыны COVID-19.

«Але хутчэй за ўсё ў мамы быў каронавірус. Не магла яна ад звычайнай пнеўманіі згарэць за два тыдні. Не было ў яе ніякіх хранічных захворванняў, яна пастаянна была на ўпэўненай хадзе. Мама магла за дзень усе клубы Лёзненскага раёна аб’ездзіць, была вельмі энергічная», – кажа сын.

Жанчыну пахавалі ў закрытай труне.

Hавiны
У Лёзне памёр 57-гадовы рэжысёр народнага тэатру, які заразіўся каронавірусам
2020.05.02 08:41

Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 11 траўня ў Беларусі зарэгістравана 23 906 выпадкаў заражэння COVID-19. 135 пацыентаў памерлі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў