У Львове адбылася масавая бойка з удзелам беларусаў і ўкраінскіх «нацыяналістаў». Відэа


У ноч на 23 лютага ў цэнтры Львова пабіліся 6 беларусаў і 8 жыхароў Львоўшчыны, паведамляе lvivnews.info.

Паводле выдання, мясцовыя праваахоўнікі не раскрываюць прычынаў канфлікту. Прэс-сакратар львоўскай паліцыі паведаміла, што тры беларусы звярнуліся ў больніцу, дзе былі знятыя пабоі.

Украінскія паліцэйскія склалі пратакол на мясцовага жыхара за дробнае хуліганства. Мужчына нецэнзурна лаяўся і паводзіў сябе агрэсіўна, піша lvivnews.info.

Дэпутат львоўскай гарадской рады Ігар Зінкевіч напісаў у суполцы «Varta1» пра падрабязнасці інцыдэнту.

«Усе беларусы былі на падпітку і паводзілі сябе па-хамску… Ім па-ўкраінску звяргулі ўвагу на іхныя паводзіны, але яны не разумелі ўкраінскую мову і тое, што ім тлумачаць. Так усё і пачалося», – напісаў Зінкевіч.

Паводле дэпутата, які размаўляў з відавочцамі, украінскія ўдзельнікі бойкі прадстаўляліся як нацыяналісты.

Беларусы прыехалі ў Львоў на канферэнцыю, паведамляе lvivnews.info, спасылаючыся на ўласныя крыніцы інфармацыі.

Аддзел камунікацыі Нацпаліцыі Львоўскай вобласці паведамляе, што па факце бойкі распачалося крымінальнае следства (наўмыснае нанясенне лёгкіх цялесных пашкоджанняў).

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў