У Лунінецкім раёне загінуў міліцыянт


Жыццё праваахоўніка абарвалася ўчора ўвечары ў выніку ДТЗ. Паводле інфармацыі, якую апублікавала на сваім сайце ДАІ Берасцейскай вобласці, 45-гадовы ўчастковы загінуў у выніку аварыі, што здарылася 3 снежня каля 18:40 на аўтадарозе Кобрын – Гомель – мяжа РФ паблізу вёскі Сінкевічы Лунінецкага раёну.

На мосце праз раку Лань 42-гадовы ўчастковы інспектар Мікашэвіцкага аддзялення міліцыі, кіруючы службовым аўтамабілем «ВАЗ», не справіўся з кіраваннем з прычыны галалёдзіцы, выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з фураю. У выніку аварыі кіроўца міліцэйскай машыны атрымаў целавыя пашкоджанні і быў дастаўлены ў шпіталь, а 45-гадовы ўчастковы інспектар гэтага ж аддзялення міліцыі, які ехаў з ім, загінуў на месцы. Распачалі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 317 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь. Ад іншых каментароў у міліцыі Берасцейскай вобласці адмовіліся.

Сёлета ў выніку ДТЗ загінулі ўжо два міліцыянты. У Добрушскім раёне на чыгуначным пераездзе 3 сакавіка міліцэйскі аўтамабіль трапіў пад цягнік, адзін праваахоўнік загінуў. Прычынай аварыі, паводле афіцыйнай версіі, сталася неспрыяльнае надвор’е.

СА, belsat.eu

Стужка навінаў