У Лондане фургон наехаў на людзей, якія выходзілі з мячэці. Ёсць ахвяры


Прынамсі адна асоба загінула, траўмаваныя каля дзесяці чалавек. Іх даставілі ў шпіталь.

Мінівэн наехаў на групу людзей а 00:20 у раёне вуліцы Сэвэн Сістэрз Роўд у Лондане ў момант, калі вернікі выходзілі з мячэці пасля начной малітвы.

48-гадовага кіроўцу затрымалі мінакі на месцы здарэння і перадалі паліцыі, падае падрабязнасці Скотленд-Ярд, назваўшы інцыдэнт «сурʼёзным». Відавочцы паведамляюць, што мужчына крычаў «Я хачу забіць усіх мусульманаў».

Зʼяўляліся чуткі пра тое, што нападнікаў было некалькі і яны мелі нажы, але інфармацыя не пацвердзілася.

Мусульманскі савет Вялікай Брытаніі назваў «найбольш гвалтоўнай праявай» ісламофобіі і заклікаў да дадатковай бяспекі вакол мячэцяў.

Апошні тэракт з выкарыстаннем аўтамабіля здарыўся ў Лондане 3 чэрвеня. Тады фургон уехаў у натоўп людзей на Лонданскім мосце. Загінулі 8 асобаў. Адказнасць за тэракт узяла на сябе Ісламская дзяржава.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў