У Лівіі ў выніку тэракту загінулі тры працаўніка ААН


У Бэнгазі 10 жніўня ў выніку выбуху машыны, нашпігаванай узрыўчаткай, загінулі тры працаўніка ААН. Два працаўніка арганізацыі атрымалі раненні. Пра гэта паведамляе un.org.

Генеральны сакратар Антонью Гутэрыш асудзіў гэты напад і заклікаў лівійскія ўлады прыкласці ўсе неабходныя намаганні для пошуку і пакарання вінаватых. У Радзе Бяспекі ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання.

У ААН адзначылі, што не маюць намеру эвакуяваць сваіх працаўнікоў з Лівіі.

Тэракт здарыўся ў раёне, які, як мяркуецца, знаходзіцца пад поўным кантролем кіраўніка Лівійскай нацыянальнай арміі Халіфа Хафтара.

  • З таго часу, як у 2011 годзе быў зрынуты і забіты кіраўнік Муамар Кадафі, у Лівіі пануе палітычная нестабільнасць і двоеўладдзе. На захадзе краіны, у Трыпалі, размяшчаецца ўрад нацыянальнай згоды, сфармаваны пры падтрымцы ААН і прызнаны міжнароднай супольнасцю. На ўсходзе знаходзіцца парламент і армія пад камандаваннем фельдмаршала Хафтара.
  • У апошнія гады фельдмаршал Халіфа Хафтар наладзіў шчыльныя стасункі з Масквой. Хафтар некалькі разоў праводзіў перамовы з міністрам абароны РФ Сяргеем Шайгу. Падчас візіту маршала ў Маскву ў лістападзе 2018 года на сустрэчы таксама прысутнічаў алігарх Яўген Прыгожын, які фінансуе «ПВК Вагнэра». Паводле СМІ, частку вагнэраўцаў летась перакінулі ў Лівію, дзе яны пачалі рыхтаваць байцоў арміі Хафтара. Таксама Расея пастаўляе яму ўзбраенне.

КА belsat.eu

Стужка навінаў