У Ліван можа адправіцца больш беларускіх міратворцаў


Дэлегацыю беларускіх вайскоўцаў у Ліван і Сірыю ўзначаліў Алег Воінаў, начальнік дэпартаменту міжнароднай ваеннай супрацы Міністэрства абароны і памочнік міністра абароны па пытаннях міжнароднай ваеннай супрацы. Фота – mil.by

Колькасць вайскоўцаў з нашай краіны ў межах міратворчай місіі ААН у Ліване можа вырасці, падае Міністэрства абароны.

21–23 траўня беларускія вайскоўцы наведалі Ліван і Сірыю. Дэлегацыю ўзначаліў памочнік міністра абароны па пытаннях міжнароднай ваеннай супрацы Алег Воінаў.

Падчас візіту Воінаў абмеркаваў з кіраўніцтвам Часовых сілаў ААН у Ліване і ліванскімі вайскоўцамі перспектывы павелічэння беларускага кантынгенту ў складзе місіі.

«Падчас гэтых сустрэчаў абмяркоўваліся пытанні паўсядзённай жыццядзейнасці беларускіх вайскоўцаў, а таксама перспектывы пашырэння ўдзелу Беларусі ў складзе гэтай місіі», – гаворыцца ў паведамленні.

У міратворчай місіі ААН у Ліване служыць каля 10 тысячаў чалавек. Мэта місіі – прыцягненне міжнароднай увагі для аказання дапамогі ліванскаму войску і перадача поўнай адказнасці ліванскім вайскоўцам за бяспеку ў краіне.

Беларускі кантынгент – пяць чалавек – прадстаўлены ў складзе місіі лекарамі і медсёстрамі.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў